https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі сталі вядомы курсы валют па выніках першых біржавых таргоў у рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну


Вынікі 1 чэрвеня паведаміў намеснік старшыні праўлення ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа" Сяргей Ціннікаў.
Сярэднеўзважаны курс долара ЗША - Br14 815 за 1 долар, еўра - Br16 154 за 1 еўра, расійскі рубель - Br278, 75.

Такім чынам, у параўнанні з вынікамі біржавых таргоў 29 мая, што праводзіліся ў рэжыме фіксінгу, курс долара знізіўся на Br75, еўра - на Br146, расійскі рубель на Br1,75.

"Па выніках біржавых таргоў можна канстатаваць, што рэжым бесперапыннага двайнога аўкцыёну з гэтага дня функцыянуе ў поўным аб`ёме і першыя таргі па асноўных валютах адбыліся паспяхова. Па расійскім рублі былі 23 удзельнікі, па долары - 21, па еўра - 22. Колькасць здзелак засталася ў тых жа межах", - сказаў Сяргей Ціннікаў.

Паводле слоў спецыяліста, валацільнасць сёння склала 1 працэнт. "Такую валацільнасць мы і чакалі. З цягам часу, магчыма, яна будзе ўваходзіць у больш вузкі калідор, мы на гэта спадзяёмся", - дадаў ён.

Характарызуючы вынікі першых таргоў у рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну, Сяргей Ціннікаў адзначыў, што такія курсы валют былі чаканымі. "Па вялікім рахунку мы чакалі такіх вынікаў. Але дакладныя вывады можна будзе рабіць праз 1-2 тыдні", - растлумачыў ён.

Сярэднеўзважаныя курсы валют вызначаліся па выніках асноўнай сесіі і перыяду закрыцця. Сяргей Ціннікаў звярнуў увагу, што на працягу ўсяго часу таргоў рэзкіх ваганняў валют не было.

З 1 чэрвеня таргі замежнымі валютамі на Беларускай валютна-фондавай біржы пераходзяць у рэжым бесперапыннага двайнога аўкцыёну. Раней біржавыя таргі ў Беларусі праводзіліся ў рэжыме фіксінгу, пры якім усе здзелкі па адной замежнай валюце ажыццяўляліся па адным і тым жа курсе.

У ходзе таргоў у рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну курсы заключаных здзелак могуць адрознівацца. Сфарміраваны па выніках таргоў сярэднеўзважаны курс па доларах ЗША, еўра і расійскіх рублях будзе выкарыстаны Нацбанкам у якасці афіцыйнага курса беларускага рубля да гэтых валют з дня, наступнага за днём правядзення таргоў. З улікам працягласці гандлёвай сесіі з 11.00 да 12.25 (з улікам перыяду закрыцця) афіцыйныя курсы на сайце рэгулятара будуць публікавацца каля 13.00.

У сувязі з увядзеннем рэжыму бесперапыннага двайнога аўкцыёну з 1 чэрвеня на біржавым валютным рынку будуць праводзіцца толькі здзелкі куплі, продажу замежнай валюты банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі ад свайго імя і за свой кошт, а таксама ад свайго імя і па даручэнні кліентаў пры абавязковым продажы замежнай валюты.

Разлічвацца па здзелках абавязковага продажу з кліентамі банкі будуць па сярэднеўзважаным курсе, разлічаным па здзелках банка, праведзеных пры ажыццяўленні абавязковага продажу замежнай валюты ў ходзе гандлёвай сесіі. Такім чынам, курс ажыццяўлення абавязковага продажу ў адным банку можа адрознівацца ад сярэднеўзважанага курса гандлёвай сесіі па гэтай замежнай валюце і ад курса абавязковага продажу ў іншых банках як у адзін, так і ў іншы бок.

Рэжым бесперапыннага двайнога аўкцыёну - найбольш шырока прымяняльная ў сусветнай практыцы форма правядзення біржавых таргоў рознымі фінансавымі інструментамі, у тым ліку замежнымі валютамі. Ва ўмовах гэтага рэжыму ўдзельнікі таргоў маюць магчымасць падаваць заяўкі на куплю і продаж замежнай валюты на працягу ўсяго перыяду правядзення таргоў, пры гэтым заключэнне здзелак адбываецца пры наяўнасці ў гандлёвай сістэме сустрэчных заявак з задавальняючымі ўмовамі.

1 чэрвеня 2015, Мінск
Наталля Злотнік - БЕЛТА
 
Дата публикации:01.06.2015
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:884
 
Ключевые слова:
Курс валют Финансы Биржевые торги Аукцион
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме