Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала 40 аўтараў з 14 краін, якія прыслалі 51 работу. Усё гэта — матэрыялы аб Беларусі, апублікаваныя ў замежных СМІ.
Пераможцамі ў намінацыі "Прафесійныя журналісты" сталі Сайман Бук (Германія) за артыкул у Handelsblatt "Прывабныя прапановы Лукашэнкі", Малгажата Лазоўская (Расія) за артыкул у openDemocracy "Калі вы хочаце стаць мільянерам — прыязджайце ў Беларусь" і Пауль Флюкігер (Швейцарыя) за артыкул у Neue Zurcher Zeitung "Рэпрэсіі перад чэмпіянатам свету па хакеі ў Беларусі".
У катэгорыі "Пачынаючыя журналісты" пераможцамі названы Жаау дэ Алмейда Дыяш (Партугалія) за артыкул у Observador "Супраціўляючыся, яны не чакаюць сюрпрызаў", Паула Бароўска (Польша) за артыкул у Belarus Digest "Нефармальная адукацыя ў Беларусі: рэалізацыя патэнцыялу грамадзянскай супольнасці" і Эва Каранада Алонса (Іспанія) за артыкул у Achtung magazine "Беларуская мова хоча заняць сваё месца".
Пераможцы ў катэгорыі "Прафесійныя журналісты" атрымалі грашовыя прызы ў памеры 500 еўра, у катэгорыі "Пачынаючыя журналісты" — 300 еўра.
Спецыяльным прызам журы за артыкул "Чэмпіянат у дзіўным доме" (New Eastern Europe) адзначаны беларускі журналіст Яўген Карпаў. У якасці ўзнагароды ён пройдзе тыднёвую стажыроўку ў брытанскай газеце The Guardian.
Арганізатарам конкурсу з`яўляецца Інфармацыйнае бюро Belarus in Focus пры партнёрстве з Press Club Belarus і Press Club Polska — членамі Міжнароднай асацыяцыі прэс-клубаў (IACP).
У журы конкурсу сёлета ўваходзілі Майкл Андэрсен (Данія), Браян Бонер (ЗША), Джудзі Гінсбург (Вялікабрытанія), Таміна Катчэр (Германія), Павел Шарамет (Беларусь).
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Варшава, 15 красавіка 2015
Варшава, 15 красавіка 2015