Марцін Патцэльт расказаў, што новым складам дэпутатаў бундэстага пакуль не сфарміраваны міжнародныя групы па развіцці супрацоўніцтва з рознымі краінамі, але гэта работа пачалася. "Утварылася група дэлегатаў, якія хочуць арганізаваць групу дружбы з Беларуссю, і я маю намер таксама прыняць удзел у яе рабоце, улічваючы мой добры вопыт супрацоўніцтва з Віцебскам", - адзначыў Марцін Патцэльт, які да выбараў у бундэстаг быў обербургамістрам Франкфурта-на-Одэры і развіваў пабрацімскія сувязі з Віцебскам. Дарэчы, менавіта ў Франкфурце-на-Одэры пройдуць асноўныя мерапрыемствы восьмай беларуска-германскай сустрэчы гарадоў-пабрацімаў і партнёраў, для ўдзелу ў якой і прыбыла беларуская дэлегацыя.
"Пакуль не магу сказаць дакладна, колькі дэпутатаў будзе ў складзе дружбы з Беларуссю і хто яе ўзначаліць. Думаю, што яна будзе створана ўжо ў бліжэйшы час", - удакладніў дэпутат.
Работа парламенцкай групы дружбы з Беларуссю ў германскім бундэстагу будзе накіравана на інтэнсіфікацыю двухбаковых сувязей. "Я маю намер падтрымліваць і развіваць актыўныя кантакты з Беларуссю, у тым ліку і ў групе дружбы з Беларуссю, паколькі гэта вельмі значна, - сказаў Марцін Патцэльт. - Бачу задачу ў тым, каб падтрымліваць дыялог, паколькі абмен меркаваннямі з Беларуссю вельмі важны ў Еўропе".
Сустрэча ў бундэстагу стала першым мерапрыемствам у праграме восьмай беларуска-германскай сустрэчы гарадоў-пабрацімаў і партнёраў. Яе пленарнае пасяджэнне, пасяджэнні рабочых груп і перагаворы праходзяць 4-6 красавіка ў Франкфурце-на-Одэры.
Гэты маштабны форум пасля чатырохгадовага перапынку арганізаваны БГА "Пародненыя гарады" сумесна з германскімі партнёрамі - адміністрацыяй Франкфурта-на-Одэры, фондам "Сустрэчы Захад-Усход", федэральным аб`яднаннем таварыстваў "Захад-Усход" і пасольствам Беларусі ў ФРГ. З беларускага боку ў мерапрыемстве ўдзельнічае прадстаўнічая дэлегацыя, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі амаль 20 беларускіх раёнаў і гарадоў, якія маюць пабрацімскія і партнёрскія сувязі з германскімі гарадамі і рэгіёнамі. Асноўная мэта гэтай сустрэчы - развіццё двухбаковых рэгіянальных сувязей, прасоўванне беларускай прадукцыі на германскі рынак, устанаўленне новых партнёрскіх сувязей і вызначэнне перспектыў развіцця гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Германіяй.
4 красавіка 2014, Берлін
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА