"Асабліва прыемна адзначыць, што праграма з`езда выклікала цікавасць не толькі ў непасрэдных удзельнікаў форуму, але і ў навуковым асяроддзі Беларусі. Пастаяннымі слухачамі былі супрацоўнікі гуманітарных інстытутаў НАН Беларусі, выкладчыкі гуманітарных факультэтаў універсітэтаў і простыя людзі, якія праяўляюць цікавасць да славянскіх моў, літаратуры і культур. Работа праходзіла пры перапоўненых аўдыторыях. Гэта сведчыць аб актуальнасці тэматыкі", - сказаў Аляксандр Лукашанец.
Асаблівасцю праведзенага ў Беларусі з`езда вучоны назваў вялікую колькасць маладых даследчыкаў, якія прынялі ў ім удзел. "І гэта вельмі радуе, таму што мы можам быць упэўнены, што ў нашага пакалення будзе дастойная замена", - падкрэсліў Аляксандр Лукашанец.
Ён адзначыў, што вынікі з`езда будуць пазней, калі будуць перачытаны зборнікі тэзісаў, даклады, калі будзе асэнсавана ўсё тое, што гаварылася аб славянскіх мовах, літаратурах, гісторыі, аб іх мінулым і сучасным, аб перспектывах.
Аляксандр Лукашанец падкрэсліў, што формы работы з`езда былі разнастайнымі: "Асноўнае месца ў рабоце занялі секцыйныя даклады. Усяго працавалі 16 тэматычных секцый. Усе паведамленні былі размеркаваны на тры асноўныя групы: мовазнаўчую, літаратуразнаўчую і фалькларыстычна-культуралагічную. Традыцыйна найбольш значным па колькасці работ стаў мовазнаўчы блок".
Паводле слоў вучонага, даволі рознабаковай была праблематыка тэматычных блокаў, якія сталі важнай часткай праграмы з`езда славістаў. Усяго ў праграму форуму было ўключана 25 блокаў. Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў з`езда выклікалі круглыя сталы, а таксама творчыя сустрэчы на выстаўцы славістычнай літаратуры, што працавала ў час з`езда ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
Міжнародны з`езд славістаў - буйны навуковы форум, прысвечаны праблемам развіцця славянскіх моў, літаратур, культур у іх узаемадзеянні, які праводзіцца кожныя пяць гадоў з 1929 года. XV з`езд праходзіць у Беларусі з 20 па 27 жніўня, а асноўная навуковая праграма прайшла з 21 па 25 жніўня. У рабоце форуму прынялі ўдзел больш за 600 вучоных з 35 краін: Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Беларусі, Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі і інш.
XVI Міжнародны з`езд славістаў пройдзе ў 2018 годзе ў Бялградзе (Сербія).
26 жніўня 2013, Мінск
БЕЛТА