Літоўскія супольнасьці прадпрымальнікаў, грамадзкія лідары сёньня заявілі, што забойства Рамана Вайніцкага, якое адбылося адначасова з шэрагам нападаў на іншых вядомых людзей у Літве, можа быць паказьнікам актывізацыі арганізаваных злачынных груповак і што сытуацыя нагадвае першае дзесяцігодзьдзе незалежнасьці Літвы, калі ў краіне лютавалі крымінальныя групоўкі.
10 сакавіка ўвечары у Коўне быў жорстка зьбіты вядомы фінансіст, былы прэзыдэнт Літоўскай фэдэрацыі футболу Лютаўрас Варанавічус. У той жа час быў напад на журналіста газэты з найбольшым накладам у Літве, «Lietuvos rytas», Лукаса Пілецкаса. 6 сакавіка ў падвале свайго дома быў знойдзены забітым вядомы ў Літве адзін з лідэраў беларускай дыяспары Раман Вайніцкі.
На прэсавай канфэрэнцыі выступілі генэральны дырэктар Літоўскай канфэдэрацыі працадаўцаў-прадпрымальнікаў Данас Арлаўскас, прэзыдэнт Нацыянальнага агенцтва аграпрамысловага бізнэсу Гінтаўтас Бабравічус, прэсавы прадстаўнік Літоўскай мужчынскай баскетбольнай зборнай Лінас Кунігяліс і адвакат Віцяніс Дзегарайціс. «Няўжо мы вяртаемся у цёмныя часы „Віленскай брыгады“, да часоў „дактараса“ [злачынная групоўка ў Літве 1990-х — РС] ?! Ці мы не атрымалі ніякіх урокаў у выніку забойстваў журналіста Вітаса Лінгіса, прадпрымальнікаў Сігітаса Чаўпы, Гінтараса Плушчаўскаса, Валдаса Якуціса, Гедымінаса Кесіса і яго сына Валдаса, ксяндза Рычардаса Мікутавічуса і іншых жахлівых трагедыяў?» — з такімі пытаньнямі грамадзкія лідэры зьвярнуліся публічна да праваахоўных органаў і грамадзянскай супольнасьці.
Літоўскія грамадзкія лідэры і прадпрымальнікі заклікалі да рашучых захадаў супраць злачынстваў, магчыма зьвязаных з аднаўленьнем актыўнасьці арганізаваных злачынных груповак каб прадухіліць магчымыя новыя, яшчэ больш маштабныя, трагедыі.
Праваахоўныя органы Літвы праводзяць расьсьледаваньні і пакуль адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю.
Радыё Свабода, 14 сакавіка 2013