https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Голас Быкава гучыць у Менску


19 чэрвеня, у дзень народзінаў Васіля Быкава, у Менску ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзэнтацыя аўдыёкнігі Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому".
Кніга выйшла ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе". "Доўгая дарога дадому" гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены восем гадоў таму ў Празе ў студыі Радыё Свабода.


Гэта ўжо трэцяя па ліку прэзэнтацыя аўдыёкнігі. Першая днямі адбылася ў Горадні, другая – у Бабруйску. Імпрэзу адкрыў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

... трэба гаварыць пра чатырох Быкавых...


"Калі гаварыць на тэму "Быкаў і Свабода", трэба гаварыць пра чатырох Быкавых. Быкаў першы - Быкаў - слухач. Быкаў пачаў слухаць замежнае радыё ў 50-я гады. Другі Быкаў – Быкаў-герой Свабоды. Радыё Свабода расказвала, камэнтавала, аналізавала ягоныя творы. Трэці Быкаў – гэта Быкаў – удзельнік перадачаў. Зьмест гэтых інтэрв`ю, выступаў склаў каля 500 старонак кнігі "Быкаў на Свабодзе". І чацвёрты Быкаў – гэта аўтар Свабоды".

Мэмуары "Доўгая дарога дадому" Быкаў пісаў у Франкфурце-на-Майне. Даслаў тэкст у Прагу, на Радыё Свабода. Але прачытаўшы яго, Аляксандар Лукашук прыйшоў да высновы:

"Адразу стала ясна, што гэты тэкст, гэты твор ня могуць чытаць журналісты, ня могуць чытаць дыктары. Гэтыя словы павінны быць агучаныя самім аўтарам. Васіль Уладзімеравіч не пагадзіўся: маўляў, у вас добрыя галасы... Але мы не здаваліся, навучаныя быкаўскай прозай, настойвалі. І ўрэшце рэшт удалося яго пераканаць прыехаць у Прагу".

У сярэдзіне чэрвеня 2002 году Васіль Уладзімеравіч з Ірынай Міхайлаўнай на прыехалі на некалькі дзён у Прагу. Васіль Ўладзімеравіч вельмі хутка і вельмі прафэсійна падзяліў тую частку тэксту на 40 частак, бо ў эфіры павінна гучаць 10 - 11 хвілін, і літаральна за чатыры дні запісаў частку мэмуараў на радыё. Аляксандар Лукашук працягвае:

"Чытаць любы тэкст цяжка. Як цяжка нават старонку тэксту прачытаць без памылак! Гэта зусім іншы і настрой, і праца моўнага апарата, нават калі ты малады чалавек. Васіль Уладзімеравіч здолеў начытаць 40 частак за тыя чатыры з паловай дні, калі прыходзіў у студыю. Уключаўся запіс, і пачыналася магія чытаньня, магія гучаньня незабыўнага, адзінага, стрыманага, моцнага і таямнічага голаса Быкава".

Сябар Васіля Быкава паэт Анатоль Вярцінскі трапна заўважыў:

"Усё мяняецца ў чалавека. Вонкава чалавек мяняецца, а тэмбр голасу не мяняецца. Тое, што Быкаў запісаны – гэта яшчэ дадатковы чыньнік , які гарантуе тое, што ў нас будзе магчымасьць слухаць жывога, жывога Быкава".

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, аўтар кнігі "Імёны Свабоды" на прэзэнтацыі працытаваў аповед пра Васіля Быкава:

"Сапраўднае адкрыцьцё Быкава як пісьменьніка глыбока нацыянальнага пачалося для мяне пасьля зьяўленьня аповесьці "Знак бяды". Васіль Уладзімеравіч ня раз казаў, што яму блізкі экзыстэнцыялізм, асабліва раман Альбэра Камю "Чума". Адрозна ад французскага калегі, Быкаў, нягледзячы на моцную падтрымку Вацлава Гаўла і Чэслава Мілаша, ня быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй. Але ці была гэтая ўзнагарода зь яе сёньняшнім пахіснутым аўтарытэтам вартая Быкава?..

У нашай апошняй размове Быкаў паўтарыў фінальныя словы сваёй "Доўгай дарогі дадаму": "Мой лёс пэсымістычны, хаця душа мая прагне аптымізму".

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч распавёў, што 8 тамоў з поўнага збору твораў Быкава, якое мяркуецца быць 14-томным, ужо выдадзеныя:

"Сёлета зьявяцца наступныя 9 і 10 тамы поўнага збору твораў Васіля Быкава, куды ўвойдуць усе вядомыя п`есы, драматургічныя тэксты, а таксама ўсе сцэнары, якія ён аўтарызаваў".

Вядоўца імпрэзы, паэт Міхась Скобла кажа:

"У 1963 годзе літаратурны кансультант "Гродзенскай праўды" пісаў у лістах ў Зэльву да Ларысы Геніюш: "Ганаруся вашай "залатой жылачкай". Друкаваў вершы на старонках газэты. І гэта для апальнай паэткі было вялікай падтрымкай. Вось гэтай падтрымкі нам вось як бы ад Васіля Быкава бракуе, але ў той жа час яна ёсьць. Яна ёсць у ягоных творах, яна ёсьць ў ягоным голасе, яна ёсьць у ягоных інтанацыях. І каб беспамылкова ўспрымаць Васіля Быкава, слухайце яго "Доўгую дарогу дадому", якую выдала Беларуская служба Радыё Свабода".

На дыску, акрамя аўдыёкнігі з голасам Васіля Быкава, зьмешчаны тэста самой кнігі "Доўгая дарога дадому", "парадоксы жыцьця", "Пункціры жыцьця", а таксама ўся Бібліятэка Свабоды.

19.06.2010    Іна Студзінская  Радыё Свабода

 
Дата публикации:19.06.2010
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:7790
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме