На пытаньне "Свабоды", ці стане пасьля забойства кіраўніка "Аль-Каіды" спакайней на сьвеце, адказваюць беларускія палітыкі і палітолягі:
Сяргей Касьцян – старшыня Беларускага славянскага камітэту, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў:
"Справа не ў бін Лядэне, а ў тым грамадзтве, што склалася ў сьвеце пасьля развалу Савецкага Саюзу і сацыялістычнага лягеру. Прычым бін Лядэн да вайны, якую Захад арганізаваў супраць Лівіі? Прычым ён да так званых народных альбо антынародных рэвалюцыяў у Емэне, Эгіпце, Тунісе? Гэта ж ніяк не зьвязана з бін Лядэнам. Таму, я лічу, што, калі бін Лядэна і сапраўды забілі, цішэй ад гэтага ня будзе.
А каб было спакойна, трэба пераглядаць усю сытуацыю ў міжнародных адносінах. І найперш – ролю ААН. Гэта непрымальна і недапушчальна, калі 7-8 краін прымаюць рашэньне аб бамбаваньні альбо зьмене ўраду той ці іншай дзяржавы. Таму ўсё гэта трэба перагледзіць. Перагледзіць шляхам перамоваў, зьмены адносінаў паміж дзяржавамі. І толькі тады можна будзе гаварыць пра нейкі спакой ў сьвеце.
Сьвет цяпер ідзе да таго, што незалежна, забіты ці не забіты Ўсама бін Лядэн, павінна нешта адбыцца і зьмяніцца ў іншым напрамку. У напрамку добрасуседзтва і дружалюбства".
Мечыслаў Грыб – старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня:
"Тут цяжка адказаць адназначна. Можа, і сапраўды стане крышку цішэй, бо менавіта бін Лядэн быў галоўны ў гэтай агіднай справе тэрору. Але, на вялікі жаль, ён не адзін. І я не выключаю, што ягоныя паплечнікі могуць пачаць помсьціць.
Я асабіста, ды, думаю, усе нармальныя людзі на сьвеце, хацелі, каб пасьля ліквідацыі галоўнага тэрарыста стала спакайней. Але ж тэрарысты ёсьць тэрарысты. Не сакрэт, што бін Лядэн быў не адзін. Ён стварыў цэлую арганізацыю. Так, кіраўніка забілі.Аднак застаюцца ягоныя паплечнікі. І як яны сябе павядуць надалей, пакуль сказаць цяжка".
Мечыслаў Грыб аддае належнае Злучаным штатам Амэрыкі, якія хоць і праз 10 гадоў, але дасягнулі сваёй мэты:
"Яны калі ставяць пэўную мэту, то звычайна яе і дасягаюць. Яны нічога нікому не спускаюць і ніколі не забываюцца. І гэта пахвальна. Гэта нармальная з`ява. Адзінае – ці вырашыць гэта ліквідацыя кіраўніка адной з тэрарыстычных арганізацыяў усю праблему змаганьня з тэрарызмам?".
Палітоляг Андрэй Фёдараў:
"Шчыра кажучы, я не ўпэўнены, што сытуацыя ў сьвеце істотна зьменіцца. Бін Лядэн пасьпеў падрыхтаваць і выхаваць адпаведныя кадры.
На першы час, можа, і будзе ў сьвеце цішэй. Аднак, на вялікі жаль, застаюцца такія людзі, для якіх ідэя, што захапіла бін Лядэна, ёсьць галоўнай і для іх. І яны будуць працягваць ягоную справу".
Уладзімер Глод
Радыё Свабода
02 траўня 2011