У 22 дэпартаментах у мэтах эканоміі гэтага каштоўнага ў летнія месяцы рэсурсу мясцовыя ўлады забаранілі паліваць сады, запаўняць басейны, мыць машыны, а таксама заклікалі скараціць расход вады для арашэння палёў і ў некаторых месцах адключылі грамадскія фантаны.
Мэр горада ў дэпартаменце Іль і Вілен у Брэтані заклікаў увесці рэжым надзвычайнай сітуацыі ў найбольш засушлівых раёнах краіны. Паводле яго слоў, сельскагаспадарчым пасадкам нанесены вялікі ўрон. Ён адзначыў, што толькі на поўдні дэпартамента ўжо страчана каля 70 працэнтаў ураджаю кукурузы.
Як расказаў адзін з фермераў з поўдня Францыі, з пачатку ліпеня ў іх няма ніякай травы, каб карміць жывёл, яны вымушаны выкарыстоўваць свае запасы сена і збожжа. Ён апасаецца, што, як і ў 2003 годзе, ім давядзецца закупляць корм для жывёлы ў іншых дэпартаментах або ў Іспаніі, які будзе каштаваць даражэй, чым уласны.
Паводле слоў міністра экалогіі Жана-Луі Барлаа, у цэлым у гэтым годзе сітуацыя ў Францыі склалася не горшая, чым звычайна. У той жа час становішча ў некаторых раёнах краіны выклікае апасенні, хоць яно далёкае ад таго, што склалася ў 1976 годзе, калі ў Францыі была катастрафічная засуха. Тады ўрад нават быў вымушаны ўвесці спецыяльны падатак, каб неяк кампенсаваць свае затраты на барацьбу з наступствамі гэтага стыхійнага бедства.
3 жніўня 2010, Парыж
БЕЛТА - ІТАР-ТАСС