https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пчолы сыходзяць, а мы — застанёмся?..


Альберт Эйнштэйн у свой час сцвярджаў, што пры знікненні на планеце меданосных пчол чалавецтва праіснуе толькі 4 гады. Вельмі верагодна, што нам у бліжэйшай перспектыве давядзецца на практыцы праверыць справядлівасць выказвання славутага фізіка.
Па ўсім свеце выміраюць пчолы. Першымі некалькі год таму забілі ў набат пчаляры з ЗША, якія папрасілі вучоных разабрацца ў прычынах знікнення цэлых калоній. Невядома куды дзяваецца пчаліны рой, але не застаецца нават трупікаў насякомых. Жыхары вулля проста раптоўна знікаюць, пакінуўшы толькі матку, яйкі і некалькі недаспелых рабочых пчол. "Уцекачоў" не знаходзяць, але ўдалечыні ад свайго дома гэтыя насякомыя звычайна гінуць. Пасля такога масавага "зыходу" іншыя пчолы адмаўляюцца сяліцца паблізу ад кінутых вулляў.

Гэтую незразумелую з`яву назвалі сіндромам калапсу калоніі (Соlоnу Соllарsе Dіsоrdеr). Калі звычайна за летні перыяд колькасць загінулых пчол не перавышае 5 працэнтаў, то пры ССD страты дасягаюць 90 працэнтаў папуляцыі.

Сёлета толькі на заходнім узбярэжжы ЗША ад ССD загінула каля 60 працэнтаў папуляцыі пчол, на ўсходнім — каля 70 працэнтаў.

Сіндром калапсу калоніі распаўсюдзіўся і ў Еўропе. Найбольш моцна ад яго пацярпелі Германія, Швейцарыя, Іспанія, Партугалія, Італія, Грэцыя. Акрамя таго, масавае знікненне пчол было зарэгістравана ў Шатландыі, Уэльсе і на паўднёвым захадзе Англіі. Ацаніўшы маштабы бедства, брытанскія аналітыкі прыйшлі да высновы, што на навагоднія святы Англія застанецца без свайго мёду. Каб хоць неяк кампенсаваць недахоп гэтага ласунку, вырашана было закупляць танны кітайскі мёд.

У Іспаніі пчаляры нават выйшлі на дэманстрацыю, патрабуючы ад урада дапамогі і неадкладнага ўмяшання вучоных. Пчолы апыляюць большую частку садоў і кветак. Іх гібель пагражае перарасці ў экалагічную і эканамічную катастрофу ў маштабе ўсёй краіны. Узніклы ў Іспаніі недахоп мёду зноў жа запаўняецца танным мёдам з Кітая. Аднак і ў самім Кітаі адзначаюцца выпадкі загадкавага знікнення пчол. Сёння ў некаторых яго рэгіёнах пчолы цалкам адсутнічаюць, і сялянам даводзіцца апыляць сады ўручную.

На сёння няма эфектыўнага спосабу замены натуральнага прыроднага апылення. У прыродзе 80 працэнтаў раслін апыляецца пры дапамозе насякомых і толькі 20 працэнтаў — ветрам. Пчолы займаюць першае месца ў групе насякомых-апыляльнікаў, бо "абслугоўваюць" больш за 100 культур. Знікненне пчол, дзякуючы якім мы атрымліваем 30 працэнтаў усіх прадуктаў харчавання, можа прывесці да скарачэння ўражаю і, адпаведна, да масавага голаду.

Калі чалавецтва не здолее выправіць сітуацыю, у бліжэйшае дзесяцігоддзе мы можам застацца без меданосных пчол.

Шэраг вучоных у масавай гібелі пчол вінаваціць кляшча Vаrrоа, які пранікае ў вулей і паражае пчол і іх патомства. Калі пчаляр заўважае кляшча, прадпрымаць нешта ўжо позна. Іншыя навукоўцы падазраюць грыбковага паразіта Nоsеmа сеrеnае, які выклікае ў пчол дызентэрыю, трэція галоўным віноўнікам называюць пестыцыды для апрацоўкі насення і для абароны палёў. Існуе меркаванне, што шкоднікам "нумар адзін" можа аказацца азіяцкі шэршань Vеsра vеlutіnа, які з`явіўся нядаўна. Шэршань хаваецца ля вулляў, нападае на пчол у палёце і з`ядае іх. Амерыканскія і нямецкія спецыялісты ўказваюць на радыёсігналы сетак сотавай сувязі, якія ўмешваюцца ва ўласную сістэму навігацыі пчалы, у выніку чаго насякомае не можа знайсці дарогу дадому і гіне. Даследаванні паказалі, што пчолы адмаўляюцца ляцець у вуллі, калі побач знаходзяцца мабільнікі.

Сярод верагодных прычын узнікнення сіндрому калапсу калоніі ўзгадваецца монакультурнасць сельскай гаспадаркі. Яна шырока прымяняецца ў ЗША. Культуры цвітуць толькі раз на год і не ў стане належным чынам падтрымліваць існаванне насякомых, якія жывуць на канкрэтнай тэрыторыі. У ЗША страты пчол сталі такімі маштабнымі, што давялося завозіць іх з Аўстраліі. Адмоўную ролю адыгрывае і перавозка пчол на вялікія адлегласці для апылення культур. Атрымліваецца, што насякомых выкарыстоўваюць не столькі для збору мёду, колькі для вырошчвання монакультур.

Пакуль што адзінага меркавання наконт прычыны ССD у спецыялістаў няма. Цяжка патлумачыць,чаму гібель пчол адбываецца адначасова ў многіх краінах. Магчыма, уся справа — у змяненні клімату.

З`яўляюцца і больш смелыя меркаванні. Так, ва ўніверсітэце Лідса (Вялікабрытанія) пачалі вывучаць сэксуальнае жыццё пчоламатак. Магчыма, змяншэнне колькасці мужчынскіх партнёраў можа прывесці да зніжэння генетычнай разнастайнасці вулляў і зробіць калоніі пчол у большай ступені схільнымі да хвароб.

Навукоўцы пагаджаюцца ў адным: менавіта ўзаемадзеянне некалькіх фактараў ляжыць у аснове ўзнікнення сіндрому калапсу калоніі. Для вырашэння праблемы Еўрапейскі Саюз запусціў праект пад назвай Bее-Dос. Вучоныя з 9-ці краін працуюць па трох кірунках. Першы — дыягностыка захворванняў (пошук простых сродкаў для выяўлення хвароб у пчол). Другі — распрацоўка стратэгіі папярэджвання хвароб. Трэці — пошук больш бясшкодных спосабаў апырсквання раслін і адмаўленне ад выкарыстання хімікатаў. Цікава, што геном меданоснай пчалы быў расшыфраваны некалькі гадоў таму, аднак вучоныя яшчэ не ведаюць, які ген за што адказвае.

Навукоўцы падкрэсліваюць, што толькі комплексны падыход дапаможа вырашыць праблему. Неабходны ўдзел у праекце мноства розных спецыялістаў, бо гаворка ідзе не толькі аб захаванні пчаліных папуляцый, але і аб выратаванні ўсёй планеты. Чалавек не зможа ўручную апыліць усе сельгаскультуры, а сёння праблема знікнення пчол закранула амаль усе кантыненты. Калі яны знікнуць, у хуткім часе ўсё чалавецтва акажацца пад пагрозай вымірання.

Запісала Інга Міндалёва.

 Якая сітуацыя склалася ў Беларусі, мы папрасілі расказаць доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Івана Сцяпанавіча Серакова:

— Масавая гібель пчаліных сем`яў назіраецца апошнія 3-5 гадоў. Гэтая бяда закранула і Беларусь. Адна з прычын — недагляд саміх пчаляроў. З-за іх неруплівасці пчолы сыходзілі на зімоўку з вялікімі запасамі рапсавага мёду, які закрышталізоўваўся, і пчолы не маглі ім харчавацца.

Другая прычына — клешч Vаrrоа. Гэта напасць, з якой, як сцвярджаюць самі пчаляры, мы яшчэ доўга не зможам справіцца, бо вараатозам хварэюць не толькі хатнія пчолы, але і іншыя (дзікія) насякомыя. А мы проста не ў стане пралячыць тых жа чмялёў, шэршняў, вос. Магчыма, мы ў большай ступені купіравалі б гэтую хваробу, калі б праводзілі абавязковыя прафілактычныя апрацоўкі пчол. А ў нас пакуль што кожны пчаляр робіць так, як сам захоча.

Не стае сістэмы, такой, каб, напрыклад, сёлета ўсе ў абавязковым парадку паўсюдна прымянілі адзін прэпарат, потым — другі, далей — трэці. Штогадовая змена лекаў дапамагла б пазбегнуць прывыкання кляшчоў да гэтых прэпаратаў. Нам неабходна прымаць меры на ўзроўні дзяржавы, зацвярджаць адпаведныя заканадаўчыя акты, каб прымусіць ветэрынарныя службы забяспечваць кожнага пчаляра неабходнай колькасцю патрэбнага прэпарата, а тыя абавязаныя былі прымяніць яго для правядзення прафілактычнай апрацоўкі.

Я згодны з тым, што адмоўны ўплыў на здароўе пчол і на іх здольнасць арыентавацца ў прасторы аказваюць электрамагнітныя палі, якія ствараюць мабільныя тэлефоны і іншыя высокатэхнічныя прылады. Выпраменьванне дэзарыентуе пчол (у галоўках пчол знаходзяцца ферамагніцікі, якія збіваюцца з-за электрамагнітных хваляў) і шкодзіць іх здароўю.

Яшчэ раз узгадаем рапс. Яго мёд вельмі карысны, бо ўтрымлівае шмат глюкозы. Але для пчол рапсавыя палі часта становяцца небяспечнай зонай. У нашай краіне да гэтага часу няма закона аб пчалярстве (і гэта сорамна). А значыць, няма каму адказваць за тыя парушэнні і шкоду, якія робяцца супраць пчалярства.

Апрацоўваючы рапсавыя палі хімікатамі супраць шкоднікаў, сельгасарганізацыі не папярэджваюць аб гэтым пчаляроў, адпаведна — шкодзяць пасекам. А ведаючы пра апрацоўку, мы б часова прыкрывалі пасекі, каб не труціць пчол. Пчолы гінуць. З-за хімічнай апрацоўкі рапсавых палёў пчаляры губляюць столькі пчаліных сем`яў, што потым некалькі гадоў не могуць аднавіць іх колькасць.

Гэта сапраўды біч. Пакуль няма адпаведнага закона, не будзе ўправы, а значыць — і парадку ў гэтай галіне. Адзначу яшчэ, што слаба працуе наш навукова-даследчы інстытут прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі па распрацоўцы лекавых прэпаратаў для барацьбы з паразітамі і хваробамі пчол. Нам даводзіцца выкарыстоўваць расійскія прэпараты.

Калі, не дай Бог, мы страцім пчол, магчыма, мы і не памром, але змены адчуем. Зменяцца ўсе біяцэнозы (многія расліны не могуць размнажацца без апылення ), людзі застануцца без шэрагу звыклых прадуктаў харчавання, касметыкі і лекаў.

Звязда
25 лістапада 2010

 
Дата публикации:26.11.2010
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:4680
 
Ключевые слова:
Пчеловодство Болезни пчёл
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме