https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кнігу пра самабытнасць драўлянага хрысціянскага дойлідства Беларусі прадставілі ў НАН


Прэзентацыя кнігі "Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі" Тамары Габрусь адбылася 10 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Выданне прысвечана ўнікальнаму культурнаму феномену - драўлянаму сакральнаму дойлідству Беларусі, складанасці яго гістарычнага лёсу і мастацкай своеасаблівасці. Аўтарам разглядаюцца помнікі драўлянага храмабудаўніцтва розных хрысціянскіх канфесій як агульная культурная спадчына беларускага народа, прапануецца новая мастацтвазнаўчая сістэматызацыя і класіфікацыя храмаў па іх архітэктоніцы і канцэпцыі формаўтварэння.

"Маёй задачай было раскрыць самабытнасць драўлянага дойлідства Беларусі, а таксама прычыны гэтай самабытнасці. Раней вывучэннем гэтага пытання з пункту гледжання архітэктурных даследаванняў сур`ёзна не займаліся. У мяне пайшло пяць гадоў на сістэматызацыю вялікага пласта інфармацыі для стварэння гэтай кнігі. Аднак сама гэта тэма натхняе мяне паўстагоддзя ўжо - з таго часу, як я ўпершыню ўбачыла драўляную царкву", - падзялілася аўтар.

Для навуковага аналізу Тамара Габрусь выкарыстоўвае як існуючыя помнікі, так і вядомыя па дакументальных архіўных крыніцах. "Яна вылучыла адметныя базавыя архетыпы, прааналізавала генезіс і творчую эвалюцыю кампазіцыйных мадыфікацый айчынных драўляных храмаў і асобна пастаўленых званіц. Аўтарам таксама акрэслены самабытныя эстэтычныя і канструкцыйныя прыёмы, звязаныя з этнічным жыллёвым і прыгонным будаўніцтвам, рознабаковыя рэлігійна-семантычныя каноны і мастацка-стылявыя ўплывы. Акрамя таго, у кнізе апісваецца рэгрэс нацыянальных традыцый драўлянага храмабудаўніцтва Беларусі ў часы Расійскай імперыі, савецкі і постсавецкі перыяды, адлюстраваны перспектыўныя магчымасці творчага выкарыстання нацыянальнай будаўнічай традыцыі ў сучаснай сакральнай архітэктуры", - расказалі ў акадэміі.

"Выданне Тамары Габрусь фундаментальнае, дэталёвае, у ім яна паказала сябе як архітэктар, мастак, паэт і філосаф. Многія значныя работы па гісторыі архітэктуры - не толькі манаграфічныя, але і шматтомныя - напісаны з яе ўдзелам. Сярод іх "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", "Страчаная спадчына", "Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце". Тамара Віктараўна пакінула свой глыбокі след у навуцы архітэктуры і гісторыі мастацтва", - сказаў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік Аляксандр Лакотка.

Кніга суправаджаецца змястоўнай бібліяграфіяй, спісам драўляных храмаў, тлумачальным слоўнікам асноўных тэрмінаў і паняццяў драўлянага храмабудаўніцтва, змяшчае вялікую колькасць сучасных і архіўных фотаздымкаў розных гадоў, малюнкаў Напалеона Орды, Дзмітрыя Струкава і Язэпа Драздовіча, планаў і рэканструкцый збудаванняў.

Матэрыялы гэтага даследавання могуць быць карыснымі для вучоных у галіне мастацтвазнаўства, гісторыі архітэктуры і рэлігіі, а таксама для шырокага кола чытачоў. Выданне адзначана дыпломам другой ступені нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" ў намінацыі "Навука і веды".

У прэзентацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, інстытутаў гісторыі, філасофіі, фізікі НАН, выдавецкага дома "Беларуская навука", рэдакцый часопісаў "Роднае слова", "Наша вера".

Акрамя таго, наведвальнікі мерапрыемства змаглі азнаёміцца з кніжнай выстаўкай, на якой прадстаўлены выданні, прысвечаныя архітэктуры Беларусі, помнікам драўлянага дойлідства. У асобным раздзеле будуць экспанавацца працы Тамары Габрусь.

10 чэрвеня 2021, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:10.06.2021
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:222
 
Ключевые слова:
Архитектура Христианство Книгоиздание Презентация
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме