У панядзелак, 27 лютага, вызначыліся пераможцы і прызёры ў сямі відах спаборніцкай праграмы. Па выніках дня беларуская каманда заваявала два медалі: Васіль Барахоўскі выйграў бронзу ў адзіночным фігурным катанні, а шорт-трэкісты Мацвей Магер, Данііл Бычкоў, Дар’я Сцяпанава і Ксенія Лукашэвіч сталі срэбнымі прызёрамі змяшанай эстафеты на 3000 метраў.
Таксама ў Лядовым палацы «Кузбас» былі праведзены спаборніцтвы па шорт-трэку на дыстанцыі 1 500 м. У асабістым турніры сярод юнакоў Мацвей Магер заняў 11-е месца ў выніковым пратаколе, яго партнёр па камандзе Данііл Бычкоў стаў 13-м. Яшчэ два прадстаўнікі Беларусі Арсеній Бярэзін і Цімафей Жук размясціліся на 18-й і 20-й пазіцыях адпаведна. Усяго ў забегах выступілі 35 канькабежцаў. У спаборніцтвах дзяўчат на «палутарцы» лепшай сярод беларусак апынулася Дар’я Сцяпанава, якая замкнула топ-10. Яраслава Шабанава стала 19-й, Сафія Спорыш — 21-й, Ксенія Лукашэвіч — 24-й сярод 33 спартсменак.
Акрамя таго, сёння нашы юныя атлеты прынялі ўдзел у барацьбе за медалі ў лыжных гонках і гарналыжным спорце. У лыжным комплексе «Снежны» дзяўчыны выяўлялі мацнейшых на дыстанцыі 5 км з паасобнага старту. Лепшая з прадстаўніц Беларусі Кацярына Сініцына заняла 6-е месца, саступіўшы бронзавай пазіцыі ўсяго 8 секунд. Што тычыцца вынікаў іншых беларусак, то Ірына Краўцова паказала 16-ы вынік, Вікторыя Жамкова — 20-ы, Злата Сідаровіч — 25-ы, Паліна Садоўская — 52-і. На старт гонкі выйшлі 64 лыжніцы.
Юныя гарналыжнікі ў панядзелак спаборнічалі ў гіганцкім слаламе. Па суме двух заездаў сярод юнакоў наш Мікіта Скуратовіч паказаў агульны 22-ы час, яшчэ адзін беларус Кірыл Барысевіч не дайшоў да фінішу ў першай спробе. Таксама сышлі з трасы нашы Аляксандра Савенкова і Арына Пратасоўская.
28 лютага на II зімовых Міжнародных спартыўных гульнях «Дзеці Азіі» ў Кузбасе будуць разыграны 14 камплектаў медалёў у шасці відах спорту — лыжных гонках, сноўбордзе, скачках на лыжах з трампліна, шорт-трэку, фігурным катанні і гарналыжным спорце.
Звязда, 27 лютага 2023