Група брытанскіх навукоўцаў заявіла ў апублікаванай справаздачы, што ўрад недаацэньвае пагрозу для здароўя, якая зыходзіць ад прылад. Асабліва тэлефоны небяспечныя для дзяцей.
Эксперты прапануюць школам, крамам, якія прадаюць тэлефоны, і сістэме аховы здароўя далучыцца да кампаніі, накіраванай на змяншэнне выкарыстання мабільных тэлефонаў. Адмыслоўцы нагадваюць: яшчэ ў 2008 годзе шведскія навукоўцы даказалі, што дзеці, якія выкарыстоўваюць мабільныя тэлефоны, у пяць разоў больш за астатніх рызыкуюць зарабіць гліёму. А іншыя навуковыя работы паказалі негатыўны ўплыў тэлефонаў на колькасць сперматазоідаў, на клеткі мозгу і на развіццё праблем з паводзінамі ў дзяцей, чые маці карысталіся падчас цяжарнасці мабільнікамі. Як адзначае адзін з аўтараў справаздачы Кевін О`Ніл, пухліна мозгу можа знаходзіцца ў латэнтным стане 30 гадоў. Так што рэальныя наступствы выкарыстання тэлефонаў яшчэ не відавочныя.
Звязда, 10 лістапада 2011