Прычынай гэтага сталі супярэчнасьці паміж лідэрамі краін эўразоны і дзяржавамі, якія не ўваходзяць у гэты валютны саюз. Сябры Эўразьвязу з-па-за эўразоны ўсё гучней выказваюць незадаволенасьць тым, што апынуліся ў баку ад прыняцьця важных для эўрапейскага рынку рашэньняў. Гэтую пазыцыю на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі агучыў брытанскі прэм`ер-міністар Дэйвід Кэмэран.
Раней кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск гаварыў, што яго краіну спрабуюць прыцягнуць да дапамогі Грэцыі ў той час, як антыкрызысныя рашэньні прымаюцца ў крузе кіраўнікоў краін эўразоны. Незадаволенасць разрывам у палітыцы 17-ці і 27-ці выказвала таксама Швэцыя.
На мінулых выходных кіраўнікі Эўразьвязу дамовіліся стварыць Эўрапейскі стабілізацыйны фонд, але няма згоды, якая сума магла б скласьці гэты фонд, каб падтрымаць банкавыя сыстэмы ў Грэцыі, Партугаліі, Ірляндыі, а таксама Гішпаніі і Італіі, якія найбольш церпяць ад фінансавага крызысу і неплатаздольнасьці ўрадаў. Называлася сума 440 мільярдаў эўра, але Нямеччына заявіла, што ў змозе пагадзіцца на напаўненьне гэтага фонду толькі да сумы 210 мільярдаў эўра.
24 кастрычніка 2011
Радыё Свабода