Падчас мерапрыемства «Дзень штучнага інтэлекту ў Tesla» тэставы прататып робата выйшаў на сцэну і памахаў прысутным у зале. Затым Маск паказаў відэа, на якім робат перацягвае скрынку і палівае кветкі.
Пры гэтым кіраўнік Tesla адзначыў, што «Трэба будзе яшчэ шмат працы, каб палепшыць Optimus і выпрабаваць яго». Па яго прагнозах, робат будзе дасканалым праз 5-10 гадоў. «Я думаю, Optimus стане неверагодным праз пяць ці 10 гадоў, проста надзвычайным», — сказаў ён.
Робат будзе выкарыстоўваць распрацаваныя Tesla кампаненты, у тым ліку акумулятарную батарэю, якая ўсталяваная на яго тулава, сістэму чыпаў, а таксама прывады для кіравання канечнасцямі. Пры гэтым у ім будзе ўсталяваная сістэма аўтапілота, якая выкарыстоўваецца на электрамабілях Tesla.
Амерыканскі прадпрымальнік таксама паведаміў, што робат будзе каштаваць менш за $20 тыс. «Гэта [робат] будзе каштаваць нашмат танней, чым аўтамабіль. Я б сказаў, верагодна, менш як $20 тыс.», — сказаў Маск.
Ідэю стварэння робата кіраўнік Tesla агучыў у жніўні 2021 года. Згодна з прадстаўленаму тады праекту, Optimus будзе ростам з чалавека, зможа падымаць вагу парадку 20 кг і дапамагаць чалавеку з выкананнем паўсядзённых задач. Як заяўляў прадпрымальнік, разумны механізм будзе рабіць усё, што «не захочуць» рабіць людзі, напрыклад хадзіць у краму па прадукты.
Звязда, 1 кастрычніка 2022