https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Шушкевіч: Ута Цапф больш ня мае ілюзіяў


9 ліпеня на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая праходзіць у Бялградзе, будзе прынятая рэзалюцыя па Беларусі. Асноўны аўтар праекту гэтага дакумэнту — кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі, дэпутатка ад Нямеччыны Ута Цапф.
Напярэдадні яна арганізавала спэцыяльны брыфінг, у якім удзельнічалі экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч, намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, сястра былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава Ірына Багданава.

Сёньня Станіслаў Шушкевіч вярнуўся ў Менск. Першы кіраўнік незалежнай беларускай дзяржавы быў задаволены. Ён сказаў «Свабодзе»: «Зрабіў усё, што мог».

«Я наагул ня ведаю, як выглядае Бялград, бо практычна амаль нічога ня бачыў. Кожную раніцу я прыяжджаў у цэнтар, дзе праходзіць асамблея, і ўвесь час займаўся тлумачэньнямі розным дэпутатам. І павінен сказаць, як у студзені ў Брусэлі, прыкладна так і тут давялося тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі.

Самае галоўнае, што сумесна зь Ірай Багданавай, сястрой Саньнікава, мы мелі шэраг сустрэч з дэпутатамі розных краін. Напрыклад, зь вялікай групай італьянскіх дэпутатаў і сэнатараў. І мы распавялі пра сытуацыю, адказалі на іх пытаньні. Пасьля з удзелам яшчэ і Валянціна Стэфановіча правялі брыфінг у Уты Цапф. Там сабралася даволі шмат людзей. І таксама патлумачылі ім усё».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч акрэсьліў тэндэнцыі, што зьявіліся ўжо пасьля завяршэньня судовых працэсаў па падзеях 19 сьнежня. Ён распавёў пра акцыі маўклівага пратэсту, якія праходзілі ў Беларусі, пра дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі падчас гэтых акцый і арышты ўдзельнікаў. Асобна ён адзначыў ціск на праваабаронцаў і журналістаў, які працягваецца ў Беларусі, у тым ліку перашкоды ў іх законнай прафэсійнай дзейнасьці падчас «маўклівых» акцый з боку супрацоўнікаў міліцыі .

Апошнія падзеі ў Беларусі моцна паўплывалі на многіх дэпутатаў Парлямэнцкай асамблеі, канстатуе Станіслаў Шушкевіч. Падобна, што і Ута Цапф, якая раней спадзявалася праз далучэньне да эўрапейскіх каштоўнасьцяў «перавыхаваць» беларускія ўлады, цяпер ужо ня мае такіх ілюзіяў:
Яе пазыцыя цяпер — вельмі рашучая.

«Упершыню ў мяне было стопрацэнтнае паразуменьне з Утай Цапф. Таму што цяпер яна займае тую пазыцыю, якая мне падабаецца. І якая адпавядае таму, што ў нас адбываецца. І фактычна атрымалася так, што я ня ведаю, хто чыім паплечнікам быў: ці яна — маім, ці я — яе? Але многія пазыцыі мы зь ёй „закрывалі“ разам. Яе пазыцыя цяпер — вельмі рашучая».

Паводле апошняй інфармацыі з кулюараў бялградзкай сэсіі, разгляд рэзалюцыі па Беларусі адкладаецца на некалькі гадзін. Гэта тлумачыцца тым, што некалькі нацыянальных парлямэнцкіх дэлегацыяў маюць шэраг прапановаў да праекту рэзалюцыі. Іх папраўкі ўзмацняюць дакумэнт, больш прывязваючы яго да цяперашняй сытуацыі ў Беларусі.

А праваабаронцы прапануюць, каб на верасьнёўскім паседжаньні па чалавечым вымярэньні АБСЭ, якое традыцыйна адбываецца ў Варшаве, галоўнай тэмай заставалася Беларусь. Экспэрты таксама ўказваюць на неабходнасьць пэўнай уніфікацыі вынікаў працы спэцыяльных дакладчыкаў па сытуацыі ў Беларусі ад розных міжнародных структураў, такіх як, напрыклад, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы і Арганізацыя аб’яднаных нацыяў.

А дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі тым часам ініцыявала ў Бялградзе рабочую сустрэчу кіраўнікоў дэлегацый краінаў АДКБ, якія прадстаўленыя ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на ёй «абмяркоўваліся аспэкты ўзаемадзеяньня на сэсіі».

Уладзімер Глод
Радыё Свабода
9 ліпеня 2011
 
Дата публикации:09.07.2011
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:2285
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз ОБСЕ Права человека Белград
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме