Фармацэўтычныя адходы — новая глабальная пагроза
Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае пра забруджванне навакольнага асяроддзя фармацэўтычнымі рэчывамі як пра новую глабальную экалагічную пагрозу. Па ўсім свеце ў вадаёмах ад азёр да акіянаў і нават у пітной вадзе выяўляецца прысутнасць лекаў. Антыбіётыкі, нейралептыкі, анестэтыкі, гарманальныя і іншыя прэпараты трапляюць у арганізмы марскіх і прэснаводных жывёл, вадаплаўных птушак і выклікаюць у іх хваробы, анамальныя паводзіны, прыводзяць да бясплоднасці і вымірання. Зразумела, што і людзям шкодна атрымліваць з кубачкам вады ці гарбаты незаўважныя дозы лекаў, якія ім не прапісвалі дактары.
Значная доля былых лекавых сродкаў трапляе ў вадаёмы з каналізацыі, прасочваецца ў грунтавыя воды са сметнікаў. Так, у Балтыйскае мора штогод зліваецца каля дзвюх тысяч тон фармацэўтычных адходаў. Ці нясуць частку гэтага таксічнага грузу і нашы рэкі? Магчыма, што так. У пробах вады і актыўнага глею, узятых на ачышчальных станцыях некалькіх буйных беларускіх гарадоў, выяўлены сляды цыпрафлаксацыну, левафлаксацыну, дратаверыну, дыклафенаку, эстрадыёлу.
Час збіраць лекі асобна!
Зменшыць некантраляванае фармацэўтычнае забруджванне дапаможа асобны збор пратэрмінаваных лекавых сродкаў у насельніцтва з наступнай утылізацыяй. Гэта практыка ўжо ўкаранілася ў большасці краін Еўропы. Цяпер яна паступова ўводзіцца і ў нас.
З 1 верасня 2020 года ўступіў у сілу новы ТКП (тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі) 17.11-08-2020 (33040-33140) «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі». Пратэрмінаваныя лекавыя сродкі выдзелены ў асобную групу камунальных адходаў (п. 3.16) і падлягаюць асобнаму збору (п. 7.2). Распрацоўка формы адмысловых кантэйнераў, выдзяленне месцаў для збору і вырашэнне іншых арганізацыйных задач ускладзена на мясцовыя выканаўчыя органы ўлады і работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Аднак першы кантэйнер для збору пратэрмінаваных лекаў з`явіўся яшчэ два гады таму ў Мінскай гарадской паліклініцы № 40. Усталяваў яго Цэнтр экалагічных рашэнняў.
— За першы год мінчане прынеслі 35,8 кілаграма фармацэўтычных адходаў, а за другі — ужо 77,4 кілаграма. У гэтай масе пераважаюць прэпараты для лячэння касцёва-мускульнай і дыхальнай сістэм, на другім месцы — для стрававальнага тракту і абмену рэчываў, на трэцім — сардэчныя лекі, — кажа каардынатар праекта Наталля Блышчык.
У снежні 2019 года партнёрам Цэнтра экалагічных рашэнняў стаў Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця. Яго стваральнікі, жыхары Баранавіч Вікторыя і Яўген Калач, абвясцілі пілотны праект «Прырода без фармацэўтычных адходаў». Сумеснымі намаганнямі грамадскіх эколагаў да канца 2020 года пункты збору пратэрмінаваных лекаў з`явіліся ўжо ў 13 гарадах: Баранавічах, Беразіне, Барысаве, Брэсце, Вілейцы, Іванаве, Крупках, Мінску, Наваполацку, Пінску, Полацку, Смілавічах і Чэрвені. Яны размешчаны ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, культуры.
— Мы разглядаем магчымасці паставіць аналагічныя кантэйнеры ў Гомелі, Гродне, Бабруйску, Оршы, — дзеліцца найбліжэйшымі планамі Вікторыя Калач. — Першапачаткова хацелі далучыць да праекта толькі тыя гарады, у якіх жыве больш за 50 тысяч чалавек. Але атрымалі шмат водгукаў і просьбаў з малых гарадоў усталяваць і ў іх хоць бы па адным кантэйнеры. Аказваецца, экалагічна дасведчаныя мясцовыя жыхары самастойна праводзяць акцыі, на якіх тлумачаць пра шкоду лекаў для прыроды, збіраюць пратэрмінаваныя таблеткі... Таму мы гатовы падтрымаць добрую ініцыятыву і дапамагчы арганізаваць збор фармацэўтычных адходаў таксама ў невялікіх населеных пунктах.
Кантэйнер поўны, а што далей?
Грамадскія эколагі супрацоўнічаюць з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. На кафедры фармацэўтычнай хіміі вядзецца статыстыка лекаў, вынятых з кантэйнераў, і распрацоўваецца хімічны метад іх утылізацыі.
Пасля статыстычнага даследавання лекі адвозяць на камунальнае ўнітарнае прадпрыемства па абыходжанні з адходамі «Экарэс», дзе іх спальваюць пры высокай тэмпературы. Аднак гэты метад не зусім бяспечны: у атмасферу вылучаюцца забруджвальнікі — дыяксіны. Магчымая альтэрнатыва — мяккая хімічная ўтылізацыя.
— У адпаведнасці з хімічнай структурай лекаў мы падзялілі іх на дзясятак груп. Для кожнай групы падабралі рэактывы, якія ператвараюць медпрэпараты ў рэчывы, пазбаўленыя біялагічнай актыўнасці. Гэтыя адходы ўжо бясшкодныя, іх можна змываць у каналізацыю, — тлумачыць загадчык кафедрай, кандыдат фармацэўтычных навук, дацэнт Наталля Яранцава — Трансфармацыя ажыццяўляецца ў невялікім, аб`ёмам да дзесяці літраў, рэактары. На нашай кафедры карыстаемся эксперыментальнай мадэллю. У будучым такія кампактныя рэактары можна будзе размяшчаць у аптэках, паліклініках і іншых медустановах.
Кафедра фармацэўтычнай хіміі таксама распрацоўвае мабільную праграму, якая дапаможа кожнаму чалавеку разабрацца ў свеце лекаў і БАДаў, падкажа, ці варта аднесці непатрэбны прэпарат у спецыяльны кантэйнер, і пакажа адрасы пунктаў збору.
Частыя пытанні пра фармацэўтычныя адходы
— Якія прэпараты не падлягаюць спецыяльнай утылізацыі?
— БАДы, вітаміны, раслінныя прэпараты можна выкінуць у агульную сметніцу, водарастваральныя лекі — выліць у каналізацыю.
— Якія медыцынскія сродкі нельга кідаць у спецыяльны кантэйнер?
— Шпрыцы, тэрмометры, выкарыстаныя перавязачныя матэрыялы, вадкія прэпараты ў флаконах і ампулах.
— Што рабіць з непатрэбнымі таблеткамі, калі ў маім горадзе няма кантэйнера для асобнага збору лекаў?
— Рэкамендуецца павымаць таблеткі з упакоўкі, стаўчы ў парашок. Высыпаць гэты парашок у непразрысты пакецік ці слоік са шчыльнай накрыўкай і перамяшаць з чымсьці відавочна неядомым: скарыстаным напаўняльнікам для кацінага туалета, старой заваркай ці кававай гушчай. Герметычна закрыць і выкінуць. Сэнс гэтага дзеяння ў тым, каб людзі ці жывёлы выпадкова не зацікавіліся лекамі і не з`елі іх.
Таццяна Севасцьянава
Звязда, 22 снежня 2020
Звязда, 22 снежня 2020