XXVII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 6 па 13 лістапада пад слоганам «Магія вобраза», які звяртаецца да ўнікальнай прыроды кіно. У аснове візуальнай канцэпцыі гэтага года — даніна павагі легендарнаму беларускаму фільму «Горад майстроў».
«Слоган „Магія вобраза“ лішні раз падкрэслівае, што кіно — гэта таінства, магічны працэс. Яно можа раскрыць свет вакол нас ва ўсёй яго паўнаце, складанасці і багацці. Выява, па-майстэрску пабудаваная мізансцэна, спалучэнні колеру і цені зачароўваюць, тлумачаць нюансы сюжэту і служаць галоўнымі ключамі да сэнсаў і ідэй экранных гісторый», — адзначылі арганізатары.
У візуальным рашэнні фестывалю — герой казачнай прытчы Уладзіміра Бычкова «Горад майстроў». Знакавай беларускай кінакарціне ў гэтым годзе спаўняецца 55 гадоў. Стылізаваны пад маляўнічую сярэдневяковую баладу, фільм зачараваў многія пакаленні беларусаў. Музыка Алега Каравайчука надала казачнай містэрыі інтэлектуальную пачуццёвасць. «Горад майстроў» апявае свабоду і патрыятызм, гераізм і волю, ператвараючы казку ў кіно на ўсе часы.
Для замежных членаў журы і прадстаўнікоў медыя дырэкцыя форуму правядзе «Лістапад» у анлайн-фармаце. Паказы для гледачоў пройдуць у кінатэатрах, дзе будзе забяспечана сацыяльная дыстанцыя і ўсе неабходныя меры засцярогі. «Фестываль гэтага года ствараецца ў няпростых для ўсёй кінаіндустрыі ўмовах. Аднак перамога сілы кінамастацтва цяпер можа стаць панацэяй ад многіх нягод. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, жыццё не стаіць на месцы. Менавіта таму фармат фестывалю ў бягучым годзе будзе адрознівацца ад усіх папярэдніх», — расказалі арганізатары.
Фестываль «Лістапад» акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў, створаных у краінах былога сацыялістычнага лагера: краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, на Кубе. Арганізатарам выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Заснавальнікі — Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
Звязда, 14 кастрычніка 2020