Раніцай 15 лютага на тэрыторыю Урала (Расійская Федэрацыя) ўпала неўстаноўленае нябеснае цела, як мяркуецца, метэарыт. Ад асколкаў касмічных цел, прыроду якіх вучоныя цяпер спрабуюць устанавіць, пацярпелі больш як 500 чалавек, у тым ліку 84 дзіцяці, паведамляе РІА Новости.
Эксперты сочаць за радыяцыйным фонам, выстаўляюцца версіі пра метэарытны дождж, метэоры ці зорны балід, які згарэў у слаях атмасферы.
Інцыдэнт таксама закрануў жыхароў Цюменскай, Курганскай, Свярдлоўскай абласцей і паўночных тэрыторый Казахстана, але асноўныя пашкоджанні зафіксаваныя ў Чэлябінскай вобласці — у многіх будынках выбіта шкло, пацярпелі больш за сотню чалавек.
Паводле даных МНС РФ, да месца НЗ сцягнута 20 тысяч ратавальнікаў, ваенныя ўзялі пад узмоцнены кантроль важныя аб`екты. Расспажыўнагляд вырашыў закрыць у Чэлябінскай вобласці ўсе школы.
"Па ўсёй верагоднасці, разваліўся на часткі буйны метэароід, і яго асобныя асколкі дасягнулі Зямлі і сталі метэарытамі, — адзначыў Кузнечык. — Наогул гэта прыродная з`ява, выявіць і прадухіліць якую цяпер немагчыма".
Паводле меркавання астранома, у Беларусі нешта падобнае найбліжэйшым часам малаверагоднае. "Сібір знаходзіцца далёка ад нашай краіны", — растлумачыў вучоны.
Ён таксама паведаміў, што сёння можна будзе назіраць унікальную з`яву — праходжанне міма Зямлі астэроіда 2012 DA14, які важыць 130 тысяч тон і мае даўжыню 45 метраў. У момант найбольшага збліжэння з Зямлёй адлегласць ад астэроіда да яе паверхні будзе складаць 27.700 км. У Беларусі гэта адбудзецца ў 22.25. Астэроід 2012 DA14 стане першым астэроідам такой значнай велічыні, які прайшоў так блізка ад Зямлі з моманту пачатку рэгулярных назіранняў за касмічнымі аб`ектамі, падкрэсліў дырэктар абсерваторыі БДУ.
Паводле яго слоў, назіраць праходжанне астэроіда паблізу ад арбіты Зямлі можна ў бінокль пры ўмове, што неба будзе бязвоблачным. Спачатку астэроід пройдзе праз сузор`е Дракона, а затым праз Вялікую Мядзведзіцу. Што да магчымасці назіраць астэроід няўзброеным вокам, то гэта будзе даступна толькі для чалавека з вельмі добрым зрокам, які да таго ж павінен знаходзіцца на адлегласці каля 60 кіламетраў ад Мінска ці іншых буйных гарадоў, сказаў вучоны.
Падзенне астэроіда Беларусі, як і іншым краінам, не пагражае, запэўніў дырэктар абсерваторыі БДУ. Аднак калі б гэта адбылося, то падзея была б супастаўная з падзеннем Тунгускага метэарыта, пасля якога засталася варонка велічынёй прыкладна з кіламетр, дадаў вучоны.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 15 лютага 2013