https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Стартаваў праект рэканструкцыі знешнасці беларусаў ад эпохі бронзы да ХХ стагоддзя


Беларускія і расійскія навукоўцы ставяць амбіцыйную задачу па рэканструкцыі знешнасці і вывучэнні генетыкі людзей, якія жылі на тэрыторыі Беларусі на працягу некалькіх тысяч гадоў.
У мінулым годзе у сетцы пачалі гуляць здымкі рэканструкцыі знешнасці "шахцёра" з Краснасельскіх руднікоў, які жыў на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне трэцяга пачатку другога тысячагоддзя да нашай эры.

Гэта самае старажытнае вядомае на тэрыторыі Беларусі пахаванне. Рэканструкцыю знешнасці мужчыны, які жыў амаль 5 тысяч гадоў таму, правялі яшчэ ў 1980-х гадах. Непасрэдна рэканструкцыяй знешнасці чалавека эпохі бронзы займаліся этнолаг і антраполаг Ігар Чаквін і скульптар Леанід Яшэнка.

Тады ўсе працы рабіліся па класічнай методыцы савецкага вучонага Міхаіла Герасімава. Цяпер беларускія і расійскія навукоўцы будуць "ажыўляць" аблічча прадстаўніка культуры шнуравай керамікі пры дапамозе лічбавых тэхналогій. 

Самы старажытны "беларус"

"На сённяшні дзень – гэта адзіная афіцыйная рэканструкцыя знешнасці гэтага старажытнага чалавека", - распавёў навуковы супрацоўнік аддзела антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалай Памазанаў.

Паводле яго слоў, зараз пры дапамозе расійскіх калег, якія займаюцца рэканструкцыяй знешнасці старажытных людзей, будзе адноўлены не толькі выгляд, але вывучана генетыка.

Мікалай Памазанаў расказаў, што пры дапамозе расійскіх калег плануецца аблічбаваць чэрапы больш як 30 чалавек, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з бронзавага стагоддзя і непасрэдна да сучаснасці.

Такім чынам, навукоўцы плануюць вывучыць, як змянялася знешнасць людзей, якія засялялі тэрыторыю Беларусі на працягу некалькіх тысяч гадоў, а таксама высветліць, ці ёсць паміж імі генетычныя сувязі.

Алічбоўка чэрапа

"Мы хочам зразумець і ўстанавіць дакладна, ці ёсць марфалагічная пераемнасць у людзей, якія засялялі тэрыторыю Беларусі на працягу тысяч гадоў", - сказаў загадчык цэнтра фізічнай антрапалогіі Інстытута этналогіі і антрапалогіі РАН доктар гістарычных навук Сяргей Васільеў.

Паводле яго слоў, пакуль лепей тэхналогіі аднаўлення знешнасці па чэрапах, чым тая, якую распрацаваў Міхаіл Герасімаў, проста не існуе. Ва ўсім свеце навукоўцы карыстаюцца менавіта гэтай методыкай.

"Фокус у тым, што раней не было камп’ютара. Цяпер ёсць спецыяльныя праграмы. Мы фатаграфуем чэрап – гэта называецца фотабіяметрыя і фотаграметрыя. Дзякуючы гэтай тэхналогіі праводзіцца вымярэнне чэрапа ва ўсіх плоскасцях. Потым выявы "сшываюцца" ў праграме і атрымліваецца 3D мадэль", - растлумачыў расійскі антраполаг.

Усяго трэба зрабіць каля сотні фатаграфій, якія камп’ютар для пабудовы мадэлі апрацоўвае на працягу 20 хвілін. Цяпер у Мінску ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ідзе алічбоўка чэрапаў, а ў Маскве ўжо будзе праводзіцца мадэліраванне і генетычны аналіз.

Мікалай Памазанаў адзначыў, што на другім этапе камп’ютарнай апрацоўкі 3D-мадэлей чэрапаў пры дапамозе праграмы будзе адноўлена і знешнасць, але алічбоўка ўсё роўна ідзе на аснове мадэлей і разлікаў Герасімава.

Самым галоўным адрозненнем сучасных краніялагічных даследаванняў Сяргей Васільеў лічыць выкарыстанне даных генетычнага аналізу, таму што яны даюць уяўленне аб фенатыпе чалавека.

"Гэта дае нам колер валасоў, колер вачэй, колер скуры. Мы плануем зрабіць цэлы альбом такіх "беларускіх" твараў да канца лета", - асабліва адзначыў расійскі вучоны.

Рэканструкцыя ладу жыцця

Сяргей Васільеў удакладніў, што рэканструкцыя знешнасці па чэрапах – гэта бачная частка працы антраполагаў, бо акрамя гэтага яны займаюцца яшчэ і біяархеалогіяй.

"Мы займаемся хваробамі, палеапаталогіяй, палеадэмаграфіяй. Існуе шмат методык, якія даюць магчымасць у цэлым рэканструяваць лад жыцця чалавека", - дадаў антраполаг.

Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на тым, што гэты беларуска-расійскі праект якраз і накіраваны на тое, каб поўнасцю вывучыць лад жыцця людзей, якія жылі на тэрыторыі Беларусі на працягу стагоддзяў.

Альбом з партрэтамі людзей стане фінальным пунктам праекта: на папярэдніх этапах даследаванняў ужо былі напісаны навуковыя артыкулы, прысвечаныя розным аспектам жыцця старажытных людзей. Затое альбом візуалізуе ўсю працу і пакажа ў даступнай форме ўсім людзям, а не толькі навукоўцам.

Гэтая даследчая работа па рэканструкцыі знешнасці старажытных продкаў беларусаў ідзе ў рамках сумеснага праекта БРФФД і РНФ – "Біяархеалагічная рэканструкцыя ладу жыцця і фізічных характарыстык сярэднявечнага насельніцтва Беларусі і еўрапейскай часткі Расіі".

Sputnik, 23 сакавіка 2025
 
Дата публикации:23.03.2025
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:57
 
Ключевые слова:
Этнология Археология Исследования
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме