https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Выстава-кірмаш «BelTexIndustry-2022» адкрылася ў Мінску


Выстава праходзіць ў сталіцы на Пераможцаў, 14 (у выставачным цэнтры «БелЭкспа»). І яе сапраўды варта наведаць не толькі прафесіяналам лёгкай прамысловасці.
Ці змогуць прадпрыемствы «Беллегпрама» задаволіць запыты моднікаў? Гэта пакажа найбуйнейшая ў нашай краіне штогадовая Міжнародная выстава-кірмаш тавараў лёгкай прамысловасці «BelTexIndustry-2022», якая адкрываецца 5 кастрычніка і будзе працаваць тры дні — да 7 кастрычніка, адпаведна. 

— У 46-й Міжнароднай выставе-кірмашы тавараў лёгкай прамысловасці «BelTexIndustry-2022» прымаюць удзел буйныя айчынныя вытворцы, а таксама замежныя партнёры з Турцыі і Расійскай Федэрацыі, — распавяла на прэс-канферэнцыі ў Доме Прэсы намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля Мурашка.

У выставе ўдзельнічаюць турэцкія кампаніі, якія на працягу некалькіх гадоў былі гасцямі і экспанентамі «BelTexIndustry». А таксама даўні сябар і партнёр праекта, Пскоўская швейная фабрыка «Славянка», дызайнеры якой прадстаўляюць сваё бачанне дзелавога стылю мужчынскага адзення, распавяла спецыяліст. У рамках мерапрыемства пройдуць рытэйл-перамовы, сустрэчы прадстаўнікоў галіны лёгкай прамысловасці і гандлёвых сетак. Ужо на этапе падрыхтоўкі мерапрыемства да яго была высокая цікавасць у прафесіяналаў сферы вытворчасці адзення і прасоўвання модных калекцый, падкрэсліла Алена Савіч, кіраўнік праекта «BelTexIndustry» Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа».

— Выставы застаюцца самым дзейсным інструментам прасоўвання тавараў. Тэма прасоўвання, рэалізацыі тавараў заўсёды актуальная. Таму мы таксама зрабілі акцэнт на навучальныя праграмы па прасоўванні прадукцыі, — адзначыла Наталля Мурашка.

Але ці варта наведаць выставу (уваход, дарэчы, вольны!), калі вы не звязаныя з модай прафесіяй, але модныя трэнды вам цікавыя? Так, таму што гэта маштабнае мерапрыемства дае мноства магчымасцяў.

Напрыклад…

... пазнаёміцца з моднымі тэндэнцыямі

— Прыйшоўшы на выставу, наведвальнік можа ўбачыць трэнды надыходзячых модных сезонаў, — распавяла Наталля Мурашка. — Ацаніць тоны і колеры, адчуць навобмацак якасць модных тканін, даведацца, дзе купіць упадабаныя мадэлі. Вядома, выстава разлічана на аптовых пакупнікоў. Але вытворцы з задавальненнем раскажуць, дзе можна набыць упадабаную рэч. Цяпер фармат выставы не прадугледжвае рознічных продажаў, але, магчыма, у наступныя гады гэта зменіцца.

Дарэчы, аб якасці. Ці можна сказаць, што беларуская прадукцыя дае пакупніку аптымальныя суадносіны якасці і кошту?

— Зразумела, спажывец хоча набыць якасную прадукцыю па найменшаму кошту, — адзначае спецыяліст. — Але важна ўсвядоміць: якаснае, але не дарагое — такога не бывае. Беларуская прадукцыя якасная, яна знаходзіцца ў сярэднім коштавым сегменце і даступная для любога кашалька.

Беларускую якасць шануюць і за межамі нашай краіны, расказала Наталля Мурашка. Сёлета «Беллегпрам» рэалізуе сваю прадукцыю ў больш чым 55 краін свету, падкрэсліла яна.

У прыватнасці, сёння прадпрыемствы" Беллегпрама " нарошчваюць сваю прысутнасць у далёкаўсходніх рэгіёнах Расіі.

— Аб’ёмы, якія мы страцілі на пастаўках ва Украіну, мы замясцілі іншымі рынкамі, у першую чаргу рынкам Расійскай Федэрацыі. Мы істотна павялічылі аб’ёмы экспарту прадукцыі ў Расію, да канца года стаіць задача яшчэ больш нарасціць пастаўкі ў гэтую краіну. У прыватнасці, рухаемся наперад у далёкія рэгіёны РФ, пашыраем там сваю прысутнасць, адкрываем новыя гандлёвыя дамы, павялічваем сетку нашых фірменных крам.

На Міжнароднай выставе «BelTexIndustry-2022» па традыцыі са сваімі напрацоўкамі гледачоў пазнаёмяць усе прадпрыемствы канцэрну «Беллегпрам»: кампаніі на працягу паўгода рыхтаваліся да мерапрыемства. Паказы іх калекцый будуць чаргавацца з паказамі маладых дызайнераў. У прыватнасці, мадэльераў праекта «Роднае — моднае», а таксама пераможцаў «Млына моды». У найбліжэйшыя дні будзе шмат дзіцячых паказаў, у тым ліку дзелавога стылю адзення, распавяла спецыяліст.

... Стаць часткай моднага шоу

— Выстава — не толькі бізнес-пляцоўка для вытворцаў адзення і гандлёвых сетак. Гэта яшчэ і яркае, прыгожае відовішча, — падкрэсліла Алена Савіч.

Мерапрыемства прадугледжвае мноства паказаў, частка з якіх будзе праходзіць у Нацыянальнай школе прыгажосці. У прыватнасці, паказ калекцыі вядомага дызайнера Міхаіла Мытніка.

Пры падрыхтоўцы «BelTexIndustry-2022» улічваліся сусветныя тэндэнцыі моды, распавяла Алена Савіч. Напрыклад, модныя колеры Інстытута колеру Pantone. Як вядома, колерам 2022 года ён назваў бэзавы адцення Very Peri. Гэты колер, упершыню за гады працы, Pantone стварыў самастойна, абапіраючыся на лічбавыя тэхналогіі, а не абраў з палітры. Стваральнікі характарызуюць новы колер як «дынамічны сіні з фіялетава-чырвоным адценнем, які спалучае сталасць сіняга з энергіяй чырвонага».

— У гэтай гаме распрацаваны нашы запрашэнні і банеры, — распавяла Алена Савіч. — Колер забяспечвае яркі, модны настрой.

Арганізатары абяцаюць, што выстава будзе прыгожым яркім шоу, якое варта ўбачыць.

... Абмеркаваць школьную форму

І, нарэшце, выстава будзе цікавая ўсім без выключэння мамам (ды і татам) дзяцей школьнага ўзросту. Адзіная школьная форма, якую плануецца ўвесці ў беларускіх школах ужо ў наступным навучальным годзе, — тэма, што выклікае бурныя абмеркаванні і неадназначную рэакцыю бацькоў.

— Адзіная школьная форма — дастаткова вострая тэма. Таму мы запрашаем усіх жадаючых 6 кастрычніка ў 11.50 на нараду-дыялог па гэтым пытанні. Будуць прысутнічаць прадстаўнікі міністэрства адукацыі, МАРТ, канцэрну «Беллегпрам», дырэктары шэрагу школ і проста бацькі. Таксама мы падрыхтавалі калекцыю адзення дзелавога стылю, якая будзе дэманстравацца на выставе, — падкрэсліла Наталля Мурашка.

У цэлым, на працягу трох выставачных дзён будзе ўзняты цэлы шэраг важных пытанняў. Напрыклад, адкрыты дыялог аб прыцягненні малога прадпрымальніцтва да выканання заказаў прадпрыемстваў. На маштабным мерапрыемстве будзе шмат знакамітых і проста цікавых спікераў (ад стваральніка экіпіроўкі Нацыянальнай Алімпійскай каманды Беларусі да расійскага эксперта рынку рытэйлу). Так што «BelTexIndustry-2022» абяцае і «спажыву для розуму», і эстэтычнае задавальненне, і ў цэлым — атмасферу свята.

Аўтар: Аляксандра Анцэлевіч
Звязда, 5 кастрычніка 2022
 
Дата публикации:05.10.2022
Тематика:Товары из Беларуси, Разное
Просмотров:1008
 
Ключевые слова:
BelTexIndustry-2022 Мінск Выставка Беллегпром
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме