Яны сустрэліся з прадстаўніком Міністэрства замежных спраў, актывістамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, а таксама з акрэдытаванымі ў Мінску пасламі краін Еўрасаюза, паведамілі ў прэс-службе прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Візіт адбыўся з ініцыятывы еўрапейскага боку.
У МЗС адбылася сустрэча "на ўзроўні начальніка ўпраўлення, якое ведае адносінамі з ЕС", паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе ўпраўленне агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва. — БелаПАН.). Паводле слоў Савіных, "абмяркоўваліся наяўныя пытанні ўзаемаадносінаў па лініі Беларусь — Еўрасаюз".
З прадстаўнікамі апазіцыі супрацоўнікі Еўрапейскай службы знешняга дзеяння абмяркоўвалі 12 чэрвеня перспектывы развіцця еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі і маніторынг сітуацыі перад восеньскімі парламенцкімі выбарамі, сказаў адзін з удзельнікаў сустрэчы лідар Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
На сустрэчы таксама прысутнічалі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Атрошчанкаў, лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, каардынатар кампаніі "Гавары праўду!" Андрэй Дзмітрыеў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.
Паводле слоў Лябедзькі, прадстаўнікі ЕС падкрэслівалі: Еўрасаюз вітае вызваленне Дзмітрыя Бандарэнкі і Андрэя Саннікава, але гэта не азначае, што пытанне палітзняволеных знята з парадку дня. "Пакуль у Беларусі не застанецца ніводнага палітзняволенага, да таго часу яно будзе прыярытэтным для Еўропы", — сказаў Лябедзька.
Што да маніторынгу сітуацыі напярэдадні парламенцкіх выбараў, то, як адзначалася на сустрэчы, выбарчая кампанія павінна прайсці згодна з еўрапейскімі стандартамі. "Еўропа ўважліва адсочвае сітуацыю напярэдадні выбарчай кампаніі і падчас яе. Ёсць стандарты АБСЕ, і, калі яны будуць поўнасцю выконвацца, Еўропа будзе іх вітаць", — зазначыў лідар АГП.
Паводле яго слоў, абмяркоўваліся таксама пытанні спрашчэння візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі выказваліся за аднабаковае спрашчэнне Еўрасаюзам парадку атрымання і зніжэння кошту віз, незалежна ад пагадненняў аб рэадмісіі. "Аднак нам заявілі, што ўсе прапановы па гэтым пытанні ўжо накіраваны беларускаму боку, мяч цяпер на полі афіцыйнага Мінска, і ад беларускай улады зараз залежыць, як яна адрэагуе на прапановы ЕС", — сказаў Лябедзька.
Падчас сустрэчы еўрапейскія прадстаўнікі паведамілі, што паводле вынікаў візіту ў Мінск яны падрыхтуюць даклад аб сітуацыі ў Беларусі, які будзе пакладзены ў аснову рашэнняў Савета міністраў краін ЕС адносна Беларусі.
Гэта другі сёлета візіт у Беларусь прадстаўнікоў службы знешняга дзеяння ЕС і першы — пасля дыпламатычнага скандалу паміж Мінскам і Бруселем.
Нагадаем, 8—10 лютага Беларусь наведаў дырэктар дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння Гунар Віганд. Ён сустракаўся з беларускімі праваабаронцамі, са сваякамі палітзняволеных, з супрацоўнікамі еўрапейскага дыпкорпуса, а таксама міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.
Дыпламатычны скандал паміж Беларуссю і ЕС здарыўся ў канцы лютага. Падставай для яго стала рашэнне Савета міністраў Еўрасаюза ад 27 лютага пашырыць спіс беларускіх чыноўнікаў, якія трапляюць пад санкцыі ЕС. У адказ на гэта ўлады Беларусі 28 лютага рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва ЕС і паслу Польшчы выехаць у свае краіны для кансультацый з кіраўніцтвам. У знак салідарнасці з калегамі з Беларусі тады паехалі ўсе еўрапейскія паслы. Да выканання сваіх абавязкаў у Мінску яны вярнуліся ў канцы красавіка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 13 чэрвеня 2012