"Мы не хочам садзейнічаць паўтарэнню гэтага цыкла: спачатку выбары, потым палітзняволеныя, а затым — спроба выкарыстаць палітзняволеных для таго, каб аднавіць дыялог з Еўрасаюзам. Гэта ўжо, па-мойму, трэці ці чацвёрты абарот", — адзначыла дыпламат.
Еўрасаюз "па-сапраўднаму зацікаўлены ў тым, каб перапыніць гэты цыкл". "Гэта няпроста для абодвух бакоў, але я ўпэўнена, што калі б мы маглі знайсці спосаб пераадолець гэтую перашкоду, то вынікам была б больш сталая фаза ў адносінах, што пайшло б на карысць усім зацікаўленым бакам. Пакуль сітуацыя не змянілася, немагчыма мець цывілізаваны дыялог", — канстатавала Томас.
Сацыяльна-палітычная і эканамічная сітуацыя ў Беларусі, паводле ацэнкі пасла, рэгрэсуе.
"Такія, на жаль, мае ўласныя назіранні. Я думаю, зараз самы спрыяльны час для таго, каб улады задумаліся аб нейкіх кроках у бок лібералізацыі, — лічыць дыпламат. — Гэта ў інтарэсах самой Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве. Вам неабходна грамадства не раздзеленае ўнутранымі канфліктамі, а ў якім людзі не баяцца самавыяўляцца — не толькі ў сэнсе свабоды выказвання, але і ў сэнсе крэатыўнасці. Для гэтага неабходна стварыць пэўнае асяроддзе, пэўную атмасферу".
Томас звярнула ўвагу на тое, што беларускія ўлады пастаянна паўтараюць: Беларусь — еўрапейская краіна.
"З геаграфічнага пункту гледжання гэта абсалютна правільна. Беларусь таксама, бясспрэчна, еўрапейская краіна з пункту гледжання культуры і гісторыі. Аднак цяперашняя сістэма адносінаў паміж грамадствам і ўладнымі структурамі вельмі моцна адрозніваецца ад той, што склалася ў большасці еўрапейскіх краін", — падкрэсліла пасол.
Змена гэтай сітуацыі дапамагла б краіне "рэалізаваць свой несумнеўны патэнцыял", пераканана Томас.
Яна таксама падкрэсліла неабходнасць паслядоўных і ўзважаных крокаў у бок эканамічнай лібералізацыі. "Гэта дапамагло б забяспечыць росквіт Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве", — заявіла пасол.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 5 ліпеня 2012