https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Зінгерыс: Дыпламатычны канфлікт можа скончыцца выдварэннем паслоў Беларусі з краін ЕС


Пра гэта ён заявіў у інтэрв`ю тэлеканалу "Белсат".
Старшыня камітэта па замежных справах літоўскага сейма Эмануэліс Зінгерыс мяркуе, што працяг дыпламатычнага канфлікту Еўрасаюза з афіцыйным Мінскам можа скончыцца рашэннем аб выдварэнні ўсіх паслоў Беларусі з краін ЕС.

У адказ на ўвядзенне санкцый Беларусь вырашыла не запрашаць назад паслоў ЕС, адкліканых для кансультацый, зазначыў ён. "Гэтыя меры Беларусі могуць выклікаць іншыя меры ў адказ з боку ЕС. Рашэнне аб гэтых мерах яшчэ не прынята, але я не хацеў бы, каб усё скончылася б рашэннем выдварыць усіх паслоў Беларусі з краін ЕС", — сказаў палітык.

"Я б прапанаваў не загуляцца і перагледзець сваё рашэнне аб невяртанні паслоў ЕС у Мінск. Калі ж канфлікт атрымае працяг, гэта можа скончыцца вяртаннем усіх паслоў Беларусі ў Мінск з усіх сталіц Еўрапейскага саюза", — заявіў Зінгерыс.

Нагадаем, 23 сакавіка міністры замежных спраў 27 краін ЕС на пасяджэнні ў Бруселі прагаласавалі за пашырэнне "кропкавых" санкцый супраць Беларусі за кошт 29 кампаній і 12 прыватных асоб. Размова ідзе пра суддзяў, пракурораў і бізнесменаў, якія адказныя, з пункту гледжання ЕС, за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама падтрымліваюць уладу Лукашэнкі або з`яўляюцца яе бенефіцыярамі.

Такім чынам, зараз у чорным спісе ЕС 243 прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі.

Рашэнне аб пашырэнні санкцый выклікана тым, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан паводле вынікаў пасяджэння ў Бруселі.

Санкцыі выкарыстоўваюцца для таго, каб пераканаць беларускія ўлады ў неабходнасці вызваліць палітзняволеных, падкрэсліла яна. Дзеянні Еўрасаюза, паводле слоў Эштан, павінны пераканаць беларускія ўлады ў неабходнасці вызвалення палітзняволеных і вяртання на шлях канструктыўных адносінаў з краінамі — членамі ЕС.

Папярэднім разам чорны спіс быў пашыраны 27 лютага, пасля чаго беларускія ўлады рэкамендавалі двум дыпламатам, кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі і паслу Польшчы, выехаць у свае краіны "для кансультацый" са сваім кіраўніцтвам. У адказ на гэта ўсе краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.

23 сакавіка, пасля таго як стала вядома пра новае пашырэнне санкцый, МЗС Беларусі заявіла: "Беларускі бок не бачыць неабходнасці ў прысутнасці на тэрыторыі Беларусі адкліканых паслоў дзяржаў", якія прагаласавалі за рашэнне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да прыватных асоб і прадпрыемстваў Беларусі.

Наступным днём прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных удакладніў: паслы ЕС, якія пакінулі Мінск, не з`яўляюцца ў Беларусі персонамі нон грата, але іх вяртанне дачаснае. "Калі Еўрасаюз знойдзе шлях да канструктыўнага дыялогу, мы будзем гатовы бачыць паслоў краін ЕС у Мінску, дзе яны змогуць заняцца сваімі непасрэднымі дыпламатычнымі абавязкамі, а менавіта працай па ўмацаванні добрасуседскіх адносінаў паміж нашымі краінамі", — заключыў прэс-сакратар.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 28 сакавіка 2012
 
Дата публикации:28.03.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:2033
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз Посольства Санкции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме