Ён паведаміў, што міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў ужо звярнуўся да свайго лівійскага калегі з просьбай аказаць садзейнічанне ў гэтым пытанні.
"Мы вельмі ўстрывожаны вынесеным прысудам, але працягваем настойваць на невінаватасці нашых грамадзян. Будуць выкарыстаны ўсе наяўныя палітычныя і прававыя магчымасці для перагляду гэтага судовага рашэння", — падкрэсліў Савіных.
Беларуская консульская служба працягне ажыццяўляць "пільны консульскі нагляд за ўтрыманнем нашых грамадзян", паведаміў прэс-сакратар. "Усе гэтыя дзеянні мы будзем цесна каардынаваць з расійскімі і ўкраінскімі калегамі", — дадаў ён.
Як паведамлялася раней, затрыманыя ў Лівіі беларусы прыгавораны да дзесяці гадоў турэмнага зняволення. Расіянін, якога абвінавачваюць у каардынаванні групы, — да пажыццёвага зняволення. Іншыя падсудныя прыгавораны да дзесяці гадоў турмы з папраўчымі работамі.
Суд над трыма беларусамі, двума расіянамі і 19 украінцамі, абвінавачанымі ва ўдзеле ў ваенных дзеяннях на баку звергнутага Муамара Кадафі, пачаўся 9 красавіка. МЗС Беларусі заяўляе, што абвінавачанне ў дачыненні да беларускіх грамадзян не адпавядае рэчаіснасці, і беларусы прыехалі ў Лівію паводле кантракта для працы на грамадзянскіх аб`ектах.
Раней у замежнай прэсе неаднаразова з`яўляліся паведамленні са спасылкай на крыніцы ў Пераходным нацыянальным савеце Лівіі аб тым, што сярод замежных наймітаў, якія ваююць на баку Кадафі, былі беларускія грамадзяне. Афіцыйны Мінск адхіляў інфармацыю аб прысутнасці ў Лівіі ваенных спецыялістаў з Беларусі. Аднак незалежныя эксперты не выключалі, што найміты з Беларусі, у тым ліку былыя ваенныя спецыялісты, маглі знаходзіцца ў Лівіі ў прыватным парадку.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 4 чэрвеня 2012