https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Сталі вядомыя прозвішчы 16 беларускіх чыноўнікаў, якія папоўнілі спіс неўязных у ЕС


Прозвішчы яшчэ 16 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС і чые рахункі і актывы павінны быць замарожаныя, апублікаваў 11 кастрычніка афіцыйны журнал Еўрасаюза.
У спіс уключаныя суддзі і пракуроры, якія ўдзельнічалі ў "палітычных" працэсах, а таксама дзяржаўныя чыноўнікі, якія маюць дачыненне да спраў палітзняволеных:

Валерый Камісараў — суддзя Мінскага гарадскога суда, які разглядаў касацыйныя скаргі Дзмітрыя Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Аляксандра Атрошчанкава, Дзмітрыя Новіка і Аляксандра Малчанава;

Уладзімір Сцепурко — суддзя Мінскага гарсуда, які разглядаў касацыйныя скаргі Ірыны Халіп, Сяргея Марцалева, Паўла Севярынца, Дзмітрыя Бандарэнкі, Дзмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Уладзіміра Лобача, Віталя Мацукевіча, Яўгена Сакрэта, Алега Федаркевіча;

Сяргей Хрыпач — суддзя Мінскага гарсуда, які разглядаў касацыйныя скаргі экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса, Уладзіміра Някляева, а таксама Андрэя Дзмітрыева, Ільі Васілевіча, Фёдара Мірзаянава, Алега Гнедчыка, Уладзіміра Яроменка, Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзмітрыя Буланава;

Васіль Назаранка — суддзя Мінскага гарсуда, які разглядаў касацыйныя скаргі Васіля Парфянкова, і як член калегіі — Дзмітрыя Дашкевіча і Эдуарда Лобава;

Вольга Камароўская — суддзя Мінскага гарсуда, якая разглядала касацыйныя скаргі Андрэя Саннікава, Ірыны Халіп, Сяргея Марцалева, Паўла Севярынца, Аляксандра Атрошчанкава, Дзмітрыя Новіка, Аляксандра Малчанава, Ільі Васілевіча, Фёдара Мірзаянава, Алега Гнедчыка, Уладзіміра Яроменка, Дзмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Уладзіміра Лобача, Віталя Мацукевіча, Яўгена Сакрэта, Алега Федаркевіча;

Вікторыя Зайцава — суддзя Мінскага гарсуда, якая разглядала касацыйныя скаргі Андрэя Саннікава, Ільі Васілевіча, Фёдара Мірзаянава, Алега Гнедчыка, Уладзіміра Яроменка;

Тамара Унукевіч — суддзя Мінскага гарсуда, якая разглядала касацыйныя скаргі Ірыны Халіп, Сяргея Марцалева, Паўла Севярынца.

Ігар Крот — суддзя Мінскага гарсуда, які разглядаў касацыйную скаргу Васіля Парфянкова;

Уладзімір Хробастаў — суддзя Мінскага гарсуда, які разглядаў касацыйную скаргу Васіля Парфянкова;

Людміла Ігнатовіч-Мішнёва — пракурор Мінскага гарсуда, якая ўдзельнічала ў разглядзе касацыйнай скаргі Дзмітрыя Дашкевіча і Эдуарда Лобава;

Сяргей Ермаліцкі — начальнік Шклоўскай калоніі, "адказны за бесчалавечнае абыходжанне з асуджаным экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам";

Аляксандр Кавалёў — начальнік калоніі ў Горках, "адказны за бесчалавечнае абыходжанне з асуджанымі, асабліва — за пераслед і катаванні грамадзянскага актывіста Дзмітрыя Дашкевіча";

Уладзімір Палуян — міністр па падатках і зборах, які мае дачыненне да крымінальнага пераследу праваабаронца Алеся Бяляцкага;

Уладзімір Карноў — суддзя Мінскага гарсуда, які адхіліў хадайніцтвы абароны арыштаванага Алеся Бяляцкага аб змяненні яму меры стрымання;

Максім Шастакоў — пракурор, які ўдзельнічаў у разглядзе ў судзе Першамайскага раёна Мінска хадайніцтва абароны Бяляцкага аб змяненні яму меры стрымання;

Вольга Герасімовіч — пракурор, якая ўдзельнічала ў разглядзе ў Мінскім гарсудзе хадайніцтва абароны Бяляцкага аб змяненні яму меры стрымання.

Такім чынам, на сённяшні дзень у спісе беларускіх чыноўнікаў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, 208 чалавек і тры беларускія кампаніі — ЗАТ "Белтэхэкспарт", ЗАТ "Спорт-пары" і ПУП "БТ Тэлекамунікацыі". Усе яны падкантрольныя бізнесмену Уладзіміру Пефціеву, які таксама фігуруе ў спісе ЕС як "асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям`ёй".

Візавыя санкцыі былі ўведзеныя 31 студзеня 2011 года Саветам міністраў замежных спраў краін ЕС у адказ на сітуацыю ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады ў спіс трапілі 158 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшыя сыны Віктар і Дзмітрый, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, міністр абароны Юрый Жадобін, кіраўнік Савета бяспекі Леанід Мальцаў, кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, генпракурор (цяпер — былы) Рыгор Васілевіч, спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка, а таксама 24 старшыні тэрытарыяльных выбарчых камісій, 30 суддзяў і 10 журналістаў дзяржаўных СМІ.

23 мая візавыя санкцыі ЕС былі пашыраныя ў дачыненні да яшчэ 13 чыноўнікаў — суддзяў і пракурораў, якія ўдзельнічалі ў судовых працэсах над удзельнікамі акцыі пратэсту 19 снежня.

20 чэрвеня ЕС у чарговы раз пашырыў санкцыі. Спіс неўязных папоўніўся на чатыры прозвішчы. Акрамя таго, было прынята рашэнне замарозіць рахункі трох вышэйназваных беларускіх кампаній.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 11 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:11.10.2011
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:3051
 
Ключевые слова:
Санкции Евросоюза Беларусь-ЕС
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме