https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Таджыкістан будзе садзейнічаць наладжванню ўзаемадзеяння Беларусі з Арганізацыяй Ісламскага супрацоўніцтва (АІС), у тым ліку прасоўванню беларускай заяўкі на атрыманне статусу назіральніка ў АІС


Дамоўленасць пра гэта была дасягнута ў Душанбэ падчас перамоў Аляксандра Лукашэнкі з Эмамалі Рахмонам.
Як паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта, бакі таксама адзначылі важнасць далейшага пашырэння плённага ўзаемадзеяння Беларусі з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва (ШАС). Таджыкскі бок выказаў гатоўнасць "садзейнічаць эфектыўнай рэалізацыі Беларуссю статусу партнёра па дыялогу ШАС, забеспячэнню змястоўнага ўдзелу беларускага боку ў мерапрыемствах гэтай арганізацыі".

Па выніках перамоў кіраўнікі дзяржаў падпісалі сумесную заяву, у якой утрымліваецца даручэнне ўрадам абедзвюх краін засяродзіць намаганні на прыярытэтных кірунках эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння.

Прэзідэнты таксама падпісалі дагавор аб доўгатэрміновым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і зацвердзілі міждзяржаўную праграму доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Таджыкістанам на 2011—2020 гады.

Акрамя таго, падпісаны міжурадавае пагадненне аб працоўнай дзейнасці грамадзян Беларусі ў Таджыкістане і грамадзян Таджыкістана ў Беларусі, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінэканомікі Беларусі і Міністэрствам эканамічнага развіцця і гандлю Таджыкістана. Таксама падпісаны пагадненні паміж адпаведнымі галіновымі ведамствамі дзвюх краін аб супрацоўніцтве ў сферы прадухілення надзвычайных сітуацый, маладзёжнай палітыкі, у галіне культуры і мастацтва.

У сваіх заявах для прэсы Лукашэнка і Рахмон у чарговы раз падкрэслілі дружалюбны і партнёрскі характар адносін дзвюх краін, расказалі пра вынікі перамоў.

Плануецца, што Беларусь пашырыць пастаўкі ў Таджыкістан якаснай і адносна таннай тэхнікі, на тэрыторыі Таджыкістана будуць стварацца сумесныя вытворчасці.

Лукашэнка паведаміў, што Беларусь зацікаўлена ў рэалізацыі праектаў у энергетыцы, транспартнай сферы, камунікацыях, АПК, пастаўках машынабудаўнічай прадукцыі, у тым ліку на аснове лізінгу.

У пытаннях знешняй палітыкі Лукашэнка адзначыў падобныя пазіцыі Беларусі і Таджыкістана ў міжнародных інтэграцыйных аб`яднаннях, у тым ліку па такіх ключавых пытаннях, як барацьба супраць тэрарызму, экстрэмізму, наркатрафіку, транснацыянальнай злачыннасці і незаконнага гандлю зброяй.

"Мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць адзін аднаго ва ўсіх міжнародных арганізацыях, на ўсіх міжнародных форумах. Мы актыўна супрацоўнічаем у межах ААН, АБСЕ, ШАС, Арганізацыі Ісламскага супрацоўніцтва, інтэграцыйных аб`яднанняў на постсавецкай прасторы, такіх як СНД, ЕўрАзЭС, АДКБ", — дадаў ён.

Прэзідэнты падчас перамоў закранулі тэму супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, найперш у навуцы і адукацыі. Кіраўнік беларускай дзяржавы паведаміў, што ў Таджыкскім тэхнічным універсітэце будзе адкрыты факультэт БНТУ.

"Таджыкістан зацікаўлены ў пашырэнні і паглыбленні нашага плённага ўзаемадзеяння ва ўсіх кірунках, якія маюць узаемную цікавасць", — адзначыў Эмамалі Рахмон.

Акрамя таго, ён канстатаваў, што па ўсіх пытаннях, што абмяркоўваліся, пазіцыі Таджыкістана і Беларусі супадалі ці былі блізкімі. "Можна без перабольшання сказаць, што ў адносінах дзвюх дзяржаў адкрыты новы этап, арыентаваны на наступнае дзесяцігоддзе", — падкрэсліў Рахмон.

Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан працягнецца 29 кастрычніка. Ён наведае парламент, а таксама выступіць перад студэнтамі і выкладчыкамі Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С.Асімі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 28 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:28.10.2011
Тематика:Бизнес, Дипломатия
Просмотров:2900
 
Ключевые слова:
Беларусь-Таджикистан Образование Товары из Беларуси Интеграция Энергетика Транспорт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме