https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


ПАРЭ не прызнала вынікаў выбараў у Беларусі


Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы правяла пазаплянавыя дэбаты аб сытуацыі ў Беларусі.
Па выніках дэбатаў дэпутаты ўхвалілі рэзалюцыю. Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы не прызнае вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, лічыць неабходным увесьці санкцыі ў адносінах да асобаў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама заклікае афіцыйны Менск вызваліць усіх палітзьняволеных і правесьці аб`ектыўнае расьсьледаваньне падзеяў 19 сьнежня. Тэкст рэзалюцыі ПАРЭ прыняты 90 галасамі супраць 9, устрымаліся 3 дэпутаты.

Ніжэй – фрагмэнты выступаў удзельнікаў дэбатаў.

16:15 Дэбаты распачала дакладчыца ад імя Камітэту палітычных справаў ПАРЭ, дэпутат зь Фінляндыі Сініка Хурскайнэн.

Хурскайнэн заявіла, што даклад па Беларусі быў прыняты камітэтам аднагалосна 25 студзеня. Яна сказала, што спадзявалася на зьмены ў Беларусі, але моцна расчаравалася.

Хурскайнэн заявіла, што ПАРЭ павінна заняць выразнае становішча ў адносінах да беларускага парлямэнту. Паводле яе, няма падставаў, каб адмяніць замарожаны статус спэцыяльна запрошанага для Палаты прадстаўнікоў.

16:18 Дэпутат з Кіпру Хрыстас Пургурыдэс падтрымаў прапанову Хурскайнэн, каб ПАРЭ працягвала кантакты і супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю і дэмакратычнай апазыцыяй.

Пургурыдэс заклікаў падтрымаць санкцыі супраць асобаў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі.

16:22 Лідэр Камуністычнай партыі Расеі, прадстаўнік фракцыі Аб’яднаных левых Генадзій Зюганаў прыгадаў, што ў выбарах узялі ўдзел 90 адсоткаў беларусаў, і 80 адсоткаў зь іх падтрымала Лукашэнку.

Зюганаў заявіў, што Беларусь дынамічна разьвіваецца і ў краіне няма беспрацоўя. У Беларусі, зьвярнуў увагу лідэр расейскіх камуністаў, таксама няма праблемы ўцекачоў.

16:26 Дэпутатка ад сацыялістаў Лізэ Крыстофэрсан адзначыла, што выбары ў Беларусі не былі сумленныя і справядлівыя. Яна асудзіла брутальны разгон дэманстрацыі ў Менску. “Калі яго падтрымлівае 80 адсоткаў выбарцаў, чаго ён баіцца?” – задала пытаньне Крыстофэрсан.

Яна таксама падтрымала прапанову захаваць замарожаньне статусу спэцыяльна запрошанага для Палаты прадстаўнікоў.

16:29 Нарвэская дэпутатка Карын Уолдсэт лічыць, што ПАРЭ павінна заклікаць да вызваленьня палітычных вязьняў. “Выбары былі вялікім крокам назад для Беларусі”, – заявіла Ўолдсэт і падкрэсьліла важнасьць кантактаў аб’яднанай Эўропы з грамадзянскай супольнасьцю.

16:32 Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Марылюізэ Бэк на пачатак прыгадала зьніклых у Беларусі апанэнтаў улады і даклад Хрыстаса Пургурыдэса пра іх, затым напомніла пра зьняволеньне Казуліна ў 2006 годзе і пра цяперашнюю галадоўку Статкевіча і адсутнасьць кантактаў сям’і зь ім.

Марылюіза Бэк заклікала расейскіх калегаў, каб тыя пастараліся ўплываць на Лукашэнку праз Маскву і расейскія СМІ.

16: 35 Старшыня камітэту сэйму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс падкрэсьліў, што патрабаваньне новых свабодных выбараў павінна застацца ў рэзалюцыі.

Зінгерыс прачытаў некалькі дзясяткаў імёнаў беларускіх палітзьняволеных.

16:38 Расейскі дэпутат Ігар Чарнышэнка заявіў, што “выбары былі празрыстыя і няма сумненьняў, што Лукашэнка іх выйграў”.

Чарнышэнка абвінаваціў ПАРЭ ў падвойных стандартах, кажучы, што ПАРЭ не зьвяртае ўвагу на недахоп дэмакратыі ў Грузіі, а крытыкуе Беларусь.

16:41 Польскі палітык Дарыюш Ліпінскі сярод іншага заявіў, што трэба спрасьціць візавыя працэдуры для звычайных беларусаў.

16:48 Літоўскі парлямэнтар Эгідыюс Варэйкіс сярод іншага сказаў:

“У Беларусі – калгасны рэжым. Маладое пакаленьне беларусаў ня хоча жыць у калгасным рэжыме. Расея стаіць за Лукашэнку. Калі б не падтрымка Расеі, у Беларусі не было б ніякага Лукашэнкі. Ня бойцеся ўвесьці візавую забарону супраць беларускіх чыноўнікаў і спрасьціць візавыя працэдуры для звычайных беларусаў, уключаючы маладое пакаленьне. Будзьце цьвёрдыя з Лукашэнкам”.

16:51 Інгрыда Цырцэнэ з Латвіі зазначыла, што Латвія выступае супраць ізаляцыі Беларусі. “Трэба спрасьціць працэдуры выдачы візаў для звычайных грамадзянаў і перагледзець працэдуры выдачы візаў для чыноўнікаў”, – заявіла Цырцынэ.

16:56 Паводле расейскага дэпутата Алега Лебедзева, “народ Беларусі зрабіў свой выбар”.

“На выбарах былі "недахопы", але сама беларуская апазыцыя прызнае, што Лукашэнка выйграў выбары”, – заявіў Лебедзеў.

16:58 Тыны Кокс зь Нідэрляндаў:

“Патрабаваньні да Беларусі, якія зьмяшчаюцца ў праекце рэзалюцыі, разумныя і сьціплыя. Менск павінен выканаць іх, каб апынуцца ў сям’і эўрапейскіх народаў”.

17:01 На думку Мікалая Шаклеіна з Расеі, “папулярнасьць Лукашэнкі ў Беларусі настолькі вялікая, што ня трэба было ніякай маніпуляцыі на выбарах”.

Паводле назіраньняў Шаклеіна, “аўтарытэт улады ў Беларусі будуецца на сацыяльных ператварэньнях, якія станоўча пазыцыянуюць Беларусь сярод іншых постсавецкіх краінаў”.

17:04 Расейскі дэпутат, член фракцыі КПРФ Сяргей Сабко заявіў, што любыя спробы санкцыяў супраць Беларусі будуць контрапрадуктыўныя. Сабко таксама заўважыў, што вадамёты ці гумовыя кулі, не гаворачы пра агнястрэльную зброю, супраць дэманстрантаў у Менску не ўжываліся.

17:09 Марыета Пурбэ-Люндын з Швэцыі:

“Трэба безумоўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, але адначасова быць асьцярожнымі, бо не заўсёды вядома, што стаіць за недзяржаўнымі арганізацыямі”.

17:13 Яка Лякса зь Фінляндыі:

“Галоўны націск у нашай палітыцы адносна Беларусі трэба пакласьці на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў краіне і на патрабаваньні ўвядзеньня мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў”.

17:15 На заканчэньне дэбатаў слова зноў узяла голас Сініка Хурскайнен і заклікала галасаваць за падрыхтаваны праект рэзалюцыі.

17:16 Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Мэўлют Чавушаглу адкрыў дыскусію над папраўкамі ў рэзалюцыю.

17:29 Была прынятая папраўка, якая заклікае ўвесьці санкцыі ў адносінах да асобаў, адказных за рэпрэсіі.

Таксама прынялі папраўку, у якой гаворыцца, што ПАРЭ не прызнае вынікаў выбараў у Беларусі.

17:36 У тэкст рэзалюцыі таксама ўнесена папраўка, якая заклікае эўрапейскія партыі падтрымліваць апазыцыйныя партыі ў Беларусі.

17:38 Тэкст рэзалюцыі з папраўкамі быў прыняты 90 галасамі супраць 9, устрымаліся 3 дэпутаты.
_______________

Пра вынікі дэбатаў у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па беларускім пытаньні распавядае карэспандэнт нашага радыё ў Страсбуры Даніла Гальпяровіч.

Гальпяровіч
: Можна сказаць, што тую рэзалюцыю, якую прапаноўвалі напачатку, узмацнілі ў 2–3 разы ў сэнсе асуджэньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і таго, што супраць яго будзе зроблена. У рэзалюцыі спачатку не было згадкі ні пра якія санкцыі, у канчатковым варыянце зьявілася фраза, што ПАРЭ лічыць адрасныя санкцыі карыснымі для таго, каб паказаць беларускаму кіраўніцтву стаўленьне Рады Эўропы і Эўразьвязу да таго, што адбылося ў Беларусі напрыканцы мінулага году. Гэта кропкавыя санкцыі супраць тых беларускіх чыноўнікаў, якія былі наўпрост датычныя да жорсткага здушэньня апазыцыі.

І другі момант – ПАРЭ прыняла адкрыты зварот да "сяброўскіх партый" – да сацыялістычных, сацыял-дэмакратычных, хрысьціянска-дэмакратычных, каб яны падтрымлівалі, у тым ліку і фінансава аналягічныя партыі ў Беларусі. Гэта хіба не першы сур`ёзны заклік да эўрапейскіх палітычных партый фінансава падтрымліваць беларускую апазыцыю.

Апроч таго, ПАРЭ раіла ўсім адкрыта не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Калі гэтую параду прымуць многія эўрапейскія інстытуты, гэта могуць быць асобныя краіны, для іх Аляксандар Лукашэнка ня будзе прэзыдэнтам Беларусі, бо вынікі выбараў ня будуць прызнаныя.

Настолькі была ўзмоцненая рэзалюцыя. Я мяркую, што гэта адбылося падчас абмеркаваньня, калі многія парлямэнтары, якія не з чутак ведаюць, што адбывалася ў Менску ў сьнежні мінулага году, проста распавялі пра гэта сваім калегам.

27 студзеня 2011
Радыё Свабода


 
Дата публикации:27.01.2011
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:4014
 
Ключевые слова:
Совет Европы ПАСЕ Евросоюз Санкции Выборы в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме