https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Парлямэнт Нямеччыны заклікае не даваць Беларусі крэдыты


«ЭЗ дастаткова моцны, каб расхістаць такую сыстэму як Беларусь», — мяркуе сьпікер фракцыі ХДС/ХСС па пытаньнях зьнешняй палітыкі Філіп Місфэльдэр.
Бундэстаг рашуча асудзіў перасьледы ў Беларусі «апазыцыі і сіл грамадзянскай супольнасьці» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

З салідарнай пазыцыяй выступілі чатыры зь пяці фракцый парлямэнту: хрысьціянскія дэмакраты (ХДС/ХСС; яе прадстаўнік Ангела Мэркель зьяўляецца фэдэральным канцлерам), свабодныя дэмакраты (СВДП), сацыял-дэмакраты (СДПГ) і Саюз-90 / «Зялёныя», паведамляе сайт бундэстага. Да іх не далучылася фракцыя левых, якая займае 12,2% месцаў.

Нямецкі парлямэнт разгледзеў у першым чытаньні тры праекты заявы па беларускім пытаньні, падрыхтаваныя кіроўнай кааліцыяй ХДС/ХСС — СВДП, СДПГ і Саюзам-90 / «Зялёнымі».

Ва ўсіх праектах утрымліваецца заклік да ўраду краіны працягваць барацьбу за вызваленьне палітзьняволеных у Беларусі. Парлямэнтарыі не прызнаюць вынікі выбараў, якія «не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі». «Жорсткія дзеяньні» беларускай міліцыі супраць апазыцыі сталі праявай «поўнай непавагі да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і правіл з боку ўраду і прэзыдэнта Лукашэнкі».

На думку бундэстага, нямецкі ўрад павінен выступіць за перагляд палітыкі выдачы Беларусі крэдытаў па лініі Міжнароднага валютнага фонду, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банка, Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця, а таксама ўдзелу краіны ў праграмах Эўразьвязу. Апрача таго, урад Мэркель павінен адмовіцца ад палітычных кантактаў зь Менскам на высокім узроўні да вызваленьня палітвязьняў.

Фракцыі бундэстага вітаюць рашэньне міністраў замежных спраў краін ЭЗ увесьці візавыя абмежаваньні для беларускіх службовых асобаў і замарозіць іх актывы.

Разам з тым у праектах заяў утрымліваюцца розныя падыходы да пытаньня ўезду беларускіх грамадзян у краіны Шэнгенскай зоны. Кіроўная кааліцыя прапаноўвае выдаваць «па магчымасьці» бясплатныя візы, асабліва тым, каму «пагражае палітычны перасьлед з боку ўладаў». СДПГ выступае за тое, каб «у прынцыпе ўсе грамадзяне» маглі прыяжджаць у ЭЗ бясплатна і без бюракратычных замінак. Фракцыя Саюз-90 / «Зялёныя» лічыць неабходным адмяніць візавы рэжым для беларускіх грамадзян.

Напярэдадні абмеркаваньня беларускага пытаньня сьпікер фракцыі ХДС/ХСС па пытаньнях зьнешняй палітыкі Філіп Місфельдэр заявіў у інтэрвію часопісу «Шпігель» пра неабходнасьць больш жорсткіх санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску. «Мы павінны аказваць больш эканамічнага націску», — мяркуе Місфэльдэр. Паводле яго слоў, для Беларусі вельмі важны экспарт нафтапрадуктаў, і эмбарга магло б «сур’ёзна закрануць рэжым». «ЭЗ дастаткова моцны, каб расхістаць такую сыстэму, як Беларусь», — мяркуе дэпутат.
Крэмль ня можа хацець другую Паўночную Карэю перад уласнымі дзьвярыма.

Дэпутат лічыць важным адзіны падыход ЭЗ да беларускага пытаньня. «Галоўнае, каб мы гаварылі адным голасам», — сказаў ён. «Беларусь зараз для мяне — лакмусавая паперка таго, наколькі эфэктыўная зьнешняя палітыка ЭЗ», — сказаў Філіп Місфэльдэр.

Апрача таго, Місфэльдэр прапануе цеснае супрацоўніцтва з ЗША і Расеяй. «Важна, каб Расея ўдзельнічала. Нават калі Расея і Эўропа не заўсёды сыходзяцца ў меркаваньні адносна разьвіцьця Беларусі ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў, Масква ня можа ігнараваць сытуацыю ў суседняй краіне. Крэмль ня можа хацець другую Паўночную Карэю перад уласнымі дзьвярыма», — мяркуе дэпутат бундэстага.

На 21 лютага ў Калінінградзе заплянаваная сустрэча парлямэнтарыяў Расіі, Польшчы і Нямеччыны. Сярод іншых пытаньняў нямецкая дэлегацыя наважана абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі, гаворыцца ў распаўсюджаным бундэстагам паведамленьні для прэсы.

12 лютага 2011
Радыё Свабода
 
Дата публикации:13.02.2011
Тематика:Бизнес, Дипломатия
Просмотров:3593
 
Ключевые слова:
Санкции Евросоюза Экономика Бундестаг Выборы в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме