https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Слуханні па Беларусі ў Еўрапарламенце


На сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу пачаліся дэбаты па Беларусі. Па выніках дыскусіі чакаецца прыняцце рэзалюцыі. Галасаванне па дакуменце запланавана на 20 студзеня.
Як паведамляў БелаПАН, на абмеркаванне дэпутатаў выносяцца пяць праектаў рэзалюцыі, падрыхтаваных рознымі фракцыямі Еўрапарламента, паведамляе прэс-служба ЕП. Найбольш жорсткі варыянт дакумента прапаноўвае прыняць самая шматлікая фракцыя — Еўрапейская народная партыя (ЕНП).

ЕНП, у прыватнасці, прапаноўвае Савету ЕС і Еўракамісіі: перагледзець палітыку адносна Беларусі; аднавіць візавыя абмежаванні на ўезд у ЕС для шэрагу беларускіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да парушэнняў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і звесці да "абсалютнага мінімуму" кантакты з беларускімі ўладамі; замарозіць усю макрафінансавую дапамогу, у тым ліку ў выглядзе крэдытаў МВФ; замарозіць удзел Беларусі ў праграме "Усходняе партнёрства".

Гэтыя і іншыя санкцыі аўтары праекта прапаноўваюць прымяняць да "безумоўнага вызвалення прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі".

Кіраўніцтву ЕС прапаноўваецца падтрымаць развіццё дэмакратыі ў Беларусі шляхам павелічэння фінансавай падтрымкі недзяржаўных СМІ, НДА і адукацыйных праектаў для студэнтаў.

У праекце рэзалюцыі ЕНП утрымліваецца заклік да ўлад Беларусі правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары.

18.18.
"Падзеі пасля выбараў сталі шокам для ўсіх нас, — заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. — Я і мае калегі сустрэліся з многімі пацярпелымі і добра ўяўляем, што адбылося".

Паводле слоў Эштан, яна сустракалася як з прадстаўнікамі апазіцыі, так і з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым. На перамовах з Мартынавым Эштан заявіла пра недапушчальнасць грубых парушэнняў прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.

"Я ўжо заклікала і зноў заклікаю тэрмінова вызваліць усіх затрыманых, у тым ліку ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Як я ўжо заяўляла Мартынаву, мы таксама чакаем павагі права на свабоду слова", — сказала вярхоўны прадстаўнік ЕС.

Пры гэтым яна падкрэсліла: "Ізалюючы ўлады, мы не можам ізаляваць людзей. Павага дэмакратыі і правоў чалавека — найважнейшая ўмова ЕС для супрацоўніцтва. Наша рэакцыя павінна даць выразны сігнал уладам Беларусі на падзеі, але не павінна ізаляваць людзей. Мы павінны прадоўжыць і павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, студэнтаў".

Эштан таксама заявіла пра неабходнасць працаваць з іншымі міжнароднымі партнёрамі ЕС для вырашэння сітуацыі, што склалася ў Беларусі.

18.25. Выступіў старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцак Пратасевіч. "Міжнародныя фонды і мы самі не павінны мець ніякіх спраў з беларускімі ўладамі, таму што мінулыя выбары не былі дэмакратычнымі і легітымнымі", — заявіў ён.

"Гэта час для новых рашэнняў і новай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку з выкарыстаннем санкцый. Не толькі візавыя санкцыі, але і эканамічныя, якія павінны выкарыстоўвацца кропкава", — падкрэсліў Пратасевіч.

"Паколькі вынікі выбараў нелегітымныя, мы можам сказаць, што маральны пераможца выбараў — гэта апазіцыя. І мы павінны падтрымаць гэтага пераможца", — лічыць еўрадэпутат.

Паводле яго слоў, "усе затрыманыя павінны быць адпушчаныя яшчэ да таго, як мы пачнем нейкія размовы з беларускімі ўладамі".

18.27. "Мы павінны пазбегнуць новай ізаляцыі Беларусі, таму што гэта будзе раўназначна ізаляцыі простых людзей, — заявіў балгарскі еўрадэпутат Крысціян Вігенін. — Мы павінны выкарыстоўваць усе магчымасці для падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ".

"Сітуацыя такая, што ўсё больш і больш людзей у Беларусі разумеюць: краіне патрэбная дэмакратыя, і ўсё больш людзей гатовыя змагацца за гэта. Менавіта таму так шмат людзей выйшла на вуліцы", — адзначыў ён.

18.33. Дэпутат Еўрапарламента з Эстоніі Крысціна Аюланд падкрэсліла: "Еўрапарламент павінен выступіць з жорсткай рэзалюцыяй, якая заклікае да візавых і эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Мы павінны прыпыніць Усходняе партнёрства і іншыя формы супрацоўніцтва з Беларуссю, пакуль не будуць адпушчаныя ўсе палітзняволеныя".

18.34. Старшыня падкамісіі па правах чалавека Еўрапарламента Хайдзі Хаўтала паведаміла, што працягваюць прыходзіць паведамленні пра рэпрэсіі ў Беларусі. "На працягу апошніх дзён ідуць вобыскі ў праваабаронцаў, якія збіраюць усю інфармацыю пра пераследы, арышты і вобыскі ў Беларусі", — сказала яна.

"Саннікаў, Халіп і іх дзіця сталі сусветнай сенсацыяй, калі з`явіліся паведамленні аб тым, што дзіця хочуць адабраць. Сёння з`явілася інфармацыя, што яго пакінуць у бабулі, але гэта яшчэ не канчатковае рашэнне", — дадала парламентарый.

Паводле слоў Хаўталы, для расследавання падзей у Беларусі павінен быць створаны адмысловы орган у межах АБСЕ ці ААН.

18.38. Прадстаўнік фракцыі еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў Рычард Чарнецкі лічыць: ЕС павінен вінаваціць і сябе за тое, што адбылося ў Беларусі. "Да прыкладу, спадар Берлусконі і прэзідэнт Грыбаўскайтэ легітымізавалі беларускі рэжым, гэтак жа, як спадары Сікорскі і Вестэрвеле, калі прыязджалі ў Беларусь з візітамі", — сказаў парламентарый.

18.40. "Мы не павінны кінуць беларусаў, не павінны пакінуць іх Расіі ці Кітаю. Мы павінны аказваць значную падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Нам неабходна працаваць з сэрцамі і розумамі", — заявіў галандскі дэпутат Бастыян Белдэр.

18.42. У сваю чаргу прадстаўнік фракцыі "Еўрапейская народная партыя" Траян Унгерану падкрэсліў: "Лукашэнка заўсёды быў дыктатарам, і надзеі на тое, што ён раптам цудоўным чынам выправіцца, былі недарэчныя. Неабходна спыніць любое супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнёрства і Еўранеста да змены цяперашняй сітуацыі".

18.43. Літоўскі еўрадэпутат Юстас Палецкас лічыць: ЕС павінен "паслаць выразны сігнал Беларусі і ўсёй сусветнай супольнасці, што ён чакае ад рэспублікі павагі фундаментальных каштоўнасцяў".

"Неабходна дамагацца вызвалення палітзняволеных. Павінны быць санкцыі, але яны павінны быць разумнымі: закранаць і караць толькі тых, хто вінаваты ў парушэннях. Сумна, што беларусы павінны плаціць за візы даражэй за ўсіх. Гэтую сітуацыю трэба выпраўляць", — перакананы Палецкас.

18.51. Марак Мігальскі, еўрадэпутат з Польшчы, прапанаваў дапамагчы ноўтбукамі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія пацярпелі ад вобыскаў.

18.52. Яшчэ адзін польскі парламентарый, Яцак Сарыуш-Вольскі, лічыць, што ЕС можа патрабаваць санкцый. "Але калі мы не пойдзем далей за словы, то нічога не даб`емся. Павінна быць стратэгія таго, як дзейнічаць далей. Мы павінны рабіць больш для грамадзянскай супольнасці Беларусі, чым мы рабілі раней. Дапамога была невялікай, і нам трэба гэта выпраўляць", — лічыць ён.

18.54. "Інаўгурацыя Лукашэнкі стане чорнай пятніцай, працягам крывавай нядзелі, якая здарылася ў дзень выбараў", — заявіў брытанскі дэпутат Рычард Ховіт. Ён заклікаў краіны — члены ЕС узяць прыклад з Польшчы, якая ўвяла абмежаванні на ўезд беларускіх чыноўнікаў.

19.10. У дыскусіі таксама выступілі дэпутаты ад розных фракцый, якія не запісваліся для выступлення. Усе яны выказаліся за ўвядзенне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, узмацненне падтрымкі грамадзянскай супольнасці і СМІ. Як адзначыў адзін з дэпутатаў, рэакцыя Лукашэнкі на падзеі 19 снежня "стала сюрпрызам як для яго акружэння, так і для беларускіх паслоў у краінах Еўропы".

19.16. Падводзячы вынікі дыскусіі, Кэтрын Эштан яшчэ раз падкрэсліла: усе затрыманыя ў Беларусі па палітычных матывах павінны быць вызваленыя.

"Як выказваліся тут многія дэпутаты, неабходна праводзіць жорсткую лінію, скіраваную на тое, што парушэнні прынцыпаў дэмакратыі, свабоды слова і сходаў недапушчальныя", — заявіла Эштан. Беларусы, паводле яе слоў, "павінны рухацца наперад па шляху развіцця дэмакратыі, а калі ім спатрэбіцца падтрымка, міжнародная супольнасць мусіць яе аказаць".

Галасаванне па рэзалюцыі плануецца правесці 20 студзеня ў другой палове дня.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 19 студзеня 2011 
 
Дата публикации:20.01.2011
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:3885
 
Ключевые слова:
Евросоюз-Беларусь Экономика Санкции Европарламента
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме