На 11.00 у Нацыянальным прэс-цэнтры запланавана прэс-канферэнцыя звергнутага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Гэта будзе яго першая прэс-канферэнцыя з моманту прыезду ў Беларусь 19 красавіка.
21 красавіка Курманбек Бакіеў выступіў з заявай для прэсы, у якой адзначыў, што не прызнае сваёй адстаўкі, аднак на пытанні журналістаў адказваць не стаў.
У той жа дзень на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Бакіеў адзначыў, што "інфармацыя пра сітуацыю ў Кыргызстане ў большасці СМІ падаецца аднабакова", і заявіў: "Я гатовы адказаць на ўсе пытанні. Я лічу, гэта неабходна зрабіць менавіта тут. Тое, як усё падавалася, гэта проста розуму неспасціжна".
У 15.00 адбудзецца прэс-канферэнцыя пасла Кыргызтана ў Беларусі Ішэнкуль Балджуравай. Як паведамілі ў дыпмісіі, сустрэча з журналістамі будзе прысвечана "сённяшняй сітуацыі" ў краіне, яна пройдзе ў будынку пасольства. Пасол Балджурава адначасова з`яўляецца пастаянным паўнамоцным прадстаўніком Кыргызстана пры статутных і іншых органах СНД.
Мінск, 23 красавіка. БелаПАН