Як паведаміла прэс-служба МЗС, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр замежных спраў Уладзімір Макей, экс-міністры Пётр Краўчанка, Уладзімір Сянько, Урал Латыпаў і Міхаіл Хвастоў, ветэраны беларускай дыпламатычнай службы, акрэдытаваныя ў Беларусі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.
Для міністэрства сцяг з`яўляецца, у першую чаргу, сімвалам патрыятызму, адданасці і вернасці кожнага беларускага дыпламата роднай дзяржаве і народу, падкрэсліў у сваім выступе Макей. "Гэта асаблівы давер, аказаны нам з боку дзяржавы, грамадства, і мы павінны яго апраўдаць", — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Ён дадаў, што падняцце сцяга — гэта яшчэ і сімвалічны старт знакавага для ведамства года. "Наперадзе МЗС чакае важны гістарычны рубеж — 100-годдзе беларускай дыпламатычнай службы", — адзначыў Макей.
Ён звярнуў увагу прысутных на неабходнасць не толькі захаваць, але і прымножыць інфармацыю аб дасягненнях, працягнуць актыўную працу па далейшай раўнапраўнай інтэграцыі нашай краіны ў сусветную палітычную, эканамічную, навуковую, культурную і інфармацыйную прастору.
Афіцыйныя геральдычныя сімвалы МЗС, у ліку якіх сцяг, былі заснаваныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі № 411 ад 16 кастрычніка 2018 года. Яго прыняцце скіраванае на захаванне і развіццё традыцый беларускай дыпламатыі, павышэнне прэстыжу дыпламатычнай службы.
Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 20 снежня 2018
Мінск, 20 снежня 2018