https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Неабходна процідзейнічаць забыццю і захоўваць памяць аб ахвярах Другой сусветнай вайны


Такое меркаванне выказаў 18 сакавіка Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар у час міжнароднай акцыі памяці ахвяр лагера смерці "Трасцянец".

Дыпламат адзначыў, што да канца развязанай Германіяй знішчальнай вайны і нацыянал-сацыялісцкага расавага шаленства амаль уся Еўропа ляжала ў развалінах, і не толькі ў матэрыяльным разуменні. "Яшчэ мацней, чым руіны еўрапейскіх гарадоў і вёсак, якія відаць былі паўсюль, болем адгукаліся невымерныя душэўныя раны. Тыранія германскіх акупантаў панавала на тэрыторыі сённяшняй Беларусі бязлітасна. Гета ў Мінску і ў многіх іншых гарадах або масавыя забойствы ў Хатыні пад Мінскам застануцца незагойнымі шрамамі таго часу. Тут, як і па ўсёй Усходняй Еўропе, крывавым вынікам сталі мэтанакіраваныя ганенні і знішчэнне яўрэйскага насельніцтва", - сказаў ён.

Паводле слоў пасла, лагер смерці "Трасцянец" увасабляў фашысцкія злачынствы, учыненыя ў Беларусі. "Тут у час германскай акупацыі ахвярамі нацыянал-сацыялісцкага расавага шаленства сталі мірныя жыхары, вязні, беларускія партызаны, савецкія ваеннапалонныя", - сказаў Петэр Дэтмар.

Паводле яго слоў, тысячы чалавек іўдзейскай веры з Берліна, Дзюсельдорфа, Франкфурта-на-Майне, Кёльна, Гамбурга і іншых гарадоў былі дэпартаваны ў Мінск і Трасцянец. Дыпламат таксама нагадаў, што пасля масавых забойстваў у "Трасцянцы" злачынцы спрабавалі знішчыць сляды сваіх злачынстваў, бо памяць аб забітых павінна была назаўсёды знікнуць.

"Таму тым важней для нас процідзейнічаць забыццю і захоўваць памяць. Гэта наш абавязак перад ахвярамі вайны, тэрору і тыраніі. І гэта ў асобай ступені датычыцца "Трасцянца", паколькі гэта месца ў адрозненне ад іншых лагераў масавага знішчэння, такіх як "Асвенцім" і "Майданак", да гэтага часу недастаткова замацавалася ў еўрапейскай памяці як месца масавага знішчэння і генацыду", - заўважыў ён.

Петэр Дэтмар лічыць, што трэба будаваць будучыню, не забываючы мінулае. "Мы не хочам кансерваваць жах, мы хочам атрымаць урокі, якія будуць арыенцірамі і для будучых пакаленняў. Таму нам патрэбны такія месцы, як "Трасцянец", для памінання і памяці", - дадаў ён.

У сваю чаргу старшыня Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра і Агульнага сходу ўдзельнікаў Мінскага МАЦ імя Рау Маціяс Цюмпель падзякаваў беларускім уладам за правядзенне мітынгу-рэквіему.

"І мы ўдзячныя за тое, што сёння бачым мемарыял, які ўяўляе сабой дастойны знак памяці аб ахвярах фашызму, і мемарыял, будаўніцтва якога прадаўжаецца і які ахопіць таксама тых, хто быў знішчаны ў Благаўшчыне. Гэта той запавет, які пакінуў нам Леанід Левін - наш вялікі сябар і вялікі беларускі архітэктар. Калі мемарыяльны комплекс будзе завершаны, ён стане месцам памяці аб ахвярах, дзе іх сваякі змогуць ушанаваць памяць продкаў. Нам, хто жыве сёння, ён будзе служыць напамінам аб тым, што такое ніколі больш не павінна паўтарыцца", - перакананы ён.

У памяць аб загінулых на тэрыторыі "Трасцянца" адбылася акцыя па пасадцы дрэў. Паводле слоў Маціяса Цюмпеля, гэтыя дрэвы сімвалізуюць памяць аб усіх ахвярах вайны, якой бы нацыянальнасці яны ні былі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Рау і Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Да мемарыяльнай скульптуры ў "Трасцянцы" былі ўскладзены кветкі ад прадстаўнікоў дзяржорганаў, духоўных асоб, якія прадстаўляюць асноўныя канфесіі Беларусі, дыпламатаў, акрэдытаваных у Беларусі, Мінскага МАЦ імя Рау, а таксама грамадскіх аб`яднанняў і палітычных партый.

18 сакавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

 
Дата публикации:18.03.2016
Тематика:Культура, Дипломатия
Просмотров:605
 
Ключевые слова:
Трасцянец Концлагерь Вторая мировая война Евреи в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме