Паводле інфармацыі прэс-службы, Лукашэнка з афіцыйным візітам наведае Расійскую Федэрацыю 25—26 лістапада.
У Маскве адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у вузкім, а затым пашыраным складзе. Па яе выніках чакаецца падпісанне міжнародных дакументаў.
Праграмай візіту кіраўніка беларускай дзяржавы запланаваны таксама сустрэчы са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым, старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянцінай Мацвіенка і старшынёй Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Сяргеем Нарышкіным.
Прэзідэнт Беларусі ўскладзе таксама вянок да магілы Невядомага салдата.
Свой першы пасля прэзідэнцкіх выбараў афіцыйны візіт Аляксандр Лукашэнка мае намер зрабіць у Расію па запрашэнні Уладзіміра Пуціна. Чакаецца, што сустрэча прэзідэнтаў адбудзецца 26 лістапада. Вядома таксама, што беларускі кіраўнік у ліку іншых высокапастаўленых асоб запрошаны на ўрачыстае адкрыццё "Ельцын Цэнтра", якое адбудзецца ў Екацерынбургу 25 лістапада.
Маючы адбыцца візіт абмяркоўваўся 16 лістапада падчас сустрэчы Лукашэнкі з надзвычайным і паўнамоцным паслом Расіі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым. Лукашэнка заявіў, што "гатовы да сур`ёзнай размовы на тэму беларуска-расійскіх адносін".
У сваю чаргу памочнік расійскага прэзідэнта Юрый Ушакоў у канцы мінулага тыдня заявіў, што адной з тэм сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі стане стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі. Відавочна, што гэта тэма яшчэ не да канца закрытая, падкрэсліў Ушакоў.
Аляксандр Лукашэнка ў апошнія месяцы не аднойчы закранаў гэту тэму, штораз падкрэсліваючы, што расійская авіябаза ў Беларусі не патрэбная.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 23 лістапада 2015
Мінск, 23 лістапада 2015