https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Стэфан Эрыксан: Сваю працу ў Беларусі я вельмі любіў і стараўся выконваць яе добрасумленна


Пра гэта шведскі дыпламат, якому беларускія ўлады не прадоўжылі акрэдытацыю і прапанавалі пакінуць Беларусь 1 жніўня, напісаў на сваёй старонцы ў "Фейсбуку".
Стэфан Эрыксан заяўляе, што выконваў сваю працу ў Беларусі добрасумленна. Эрыксан выказаў падзяку сваім прыхільнікам за падтрымку і высокую ацэнку яго працы.

"Я не хацеў апынуцца ў гэтай сітуацыі і памяняў бы вашу пахвалу на магчымасць працаваць у Беларусі і з вамі сустракацца! — піша дыпламат. — Ваша падтрымка, канешне, мяне вельмі суцешвае і грэе. Я вам шчыра ўдзячны! Наўрад ці я заслугоўваю вашай пахвалы, таму што ў рэшце рэшт рабіў сваю працу, якую вельмі любіў і стараўся выконваць сумленна".

"Мабыць, Беларусь мяне натхніла зрабіць крыху больш, чым павінен быў, але гэта тады ваша заслуга! — адзначае шведскі дыпламат. — Калі я чытаю вашы каменты, амаль складваецца ўражанне, што вы мяне ўжо пахавалі…Калі ласка, рана мяне хаваць! Карлсан/Эрыксан яшчэ прыляціць! Да сустрэчы!

Дабрыня пераможа! Жыве Беларусь!"

Пра тое, што Стэфан Эрыксан пакінуў Мінск, стала вядома вечарам 3 жніўня з запісу ў "Твітэры" міністра замежных спраў Швецыі Карла Більта. Як паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Швецыі Андэрс Ёрле, інфармацыю пра высылку шведскае МЗС атрымала яшчэ 1 жніўня. Беларускія ўлады не прадоўжылі Эрыксану дазвол на працу ў краіне.

Карл Більт зрабіў з гэтай нагоды наступную заяву: "Высылка шведскага пасла з Беларусі рэжымам Лукашэнкі з`яўляецца сур`ёзным парушэннем стандартаў міждзяржаўных адносін. Абвінавачанні, выстаўленыя рэжымам у дачыненні да пасла, не маюць падстаў. Тое, што Швецыя ўсебакова падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, не з`яўляецца сакрэтам, і пасол Эрыксан у поўнай меры праводзіў гэту палітыку. Пасол Эрыксан працягне сваю працу з яшчэ больш ясным акцэнтам на падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Мы таксама сумесна з іншымі краінамі ЕС разгледзім шляхі па далейшым узмацненні гэтай дзейнасці".

У якасці дзеянняў у адказ шведскія ўлады праінфармавалі пасольства Беларусі ў Швецыі пра "непажаданасць" прыбыцця ў Стакгольм новага беларускага пасла. Акрамя гэтага, "будуць адкліканы віды на жыхарства ў Швецыі ў двух прадстаўнікоў пасольства", паведаміў Більт.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што беларускі бок не выдвараў пасла Швецыі: "Было прынята рашэнне аб непрадаўжэнні яго акрэдытацыі. Спадар Эрыксан працаваў у Беларусі амаль сем гадоў, гэта доўгі тэрмін. За гэты час уся яго дзейнасць была скіравана не на ўмацаванне беларуска-шведскіх адносін, а на іх разбурэнне".

Тым часам тэлеканал ОНТ абвінаваціў пасла Эрыксана ў падрыхтоўцы "арабскай вясны" ў Беларусі. "Ёсць інфармацыя, што ў 2010 годзе Стэфан Эрыксан неаднаразова асабіста перадаваў інструкцыі, грошы радыкальным групоўкам, экстрэмістам, якія рыхтавалі сілавую акцыю супраць Беларусі накшталт "арабскай вясны", — паведаміў канал вечарам 3 жніўня. У перадачы сцвярджалася, што шведская дыпмісія ў Мінску была замешана ў кантрабандзе: "5 чэрвеня 2012 года праваахоўнымі органамі Беларусі была спынена спроба ўвозу партыі літаратуры невядомага зместу ў буйным аб`ёме без неабходных суправаджальных тлумачальных дакументаў. Пасля адмовы даць доступ да грузу, што перавозіцца, аўтамабіль пасольства Швецыі выехаў на тэрыторыю Літвы. Пасол Эрыксан фактычна пакрываў кантрабанду".

Канал таксама паведаміў, што "дагэтуль да канца незразумелая ступень магчымага ўдзелу як Стэфана Эрыксана, так і шведскага кіраўніцтва ў арганізацыі правакацыі з парушэннем межаў Беларусі".

Нагадаем, раніцай 4 ліпеня шведскі лёгкаматорны самалёт без дазволу перасёк дзяржаўную мяжу Беларусі з боку Літвы. Над Івянцом і Мінскам былі скінуты сотні плюшавых медзведзянятаў з запіскамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total.

У каментары заснавальнік Studio Total Пер Кромвел заявіў, што пасол у Мінску нічога не ведаў пра акцыю. "Ніякіх кантактаў з Эрыксанам у нас не было. Як мы ўжо неаднаразова падкрэслівалі, мы не кантактавалі ні з кім на тэрыторыі Беларусі", — нагадаў Кромвел.

Тым часам сітуацыя вакол пасла Швецыі і магчымыя меры рэагавання з боку Еўрасаюза будуць разгледжаны на найбліжэйшым пасяджэнні камітэта па пытаннях палітыкі і бяспекі ў Бруселі.

БелаПАН
Мінск, 5 жніўня 2012
 
Дата публикации:05.08.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:1832
 
Ключевые слова:
Стефан Эрикссон Посольство Швеции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме