https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь адклікала сваё пасольства ў Швецыі


Супрацоўнікі пасольства Беларусі ў Швецыі ў поўным складзе адкліканыя з гэтай краіны. У сваю чаргу шведскаму боку прапанавана распачаць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска да 30 жніўня.
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 8 жніўня заяве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

"Матывы прыняцця беларускім бокам рашэння аб непрадаўжэнні акрэдытацыі былому паслу Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану зразумелыя і не маюць патрэбу ў дадатковых каментарах, — гаворыцца ў заяве. — З улікам адначасовага адклікання ў Мінск пасла Беларусі ў Швецыі Андрэя Грынкевіча беларускі бок лічыў вычарпаным гэты канфлікт і быў гатовы да сумесных намаганняў па вяртанні двухбаковых адносін у канструктыўнае рэчышча. На карысць гэтага сведчаць і раней зробленыя беларускім бокам захады па недапушчэнні пераходу сітуацыі ў канфліктную стадыю".

"На жаль, МЗС Швецыі аддало перавагу абвастрэнню і дадаткова прыняло рашэнне аб выдварэнні з краіны двух старшых дыпламатаў пасольства Беларусі, уключаючы часовага паверанага ў справах, і адмове ва ўездзе ў Швецыю новага пасла Беларусі, які мае агрэман урада Швецыі, — заяўляе МЗС Беларусі. — Такім чынам, дыпламатычны склад беларускага пасольства ў Стакгольме скарочаны да двух малодшых дыпламатаў, якія не маюць дастатковых паўнамоцтваў і кваліфікацыі для кіраўніцтва місіяй".

Паводле меркавання беларускага боку, "такія дзеянні шведскага боку скіраваныя на сур`ёзнае абмежаванне прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швецыі і магчымасці паўнацэннай абароны інтарэсаў беларускіх грамадзян і аказанні паслуг грамадзянам Швецыі, а таксама Нарвегіі і Даніі, дзе пасольства акрэдытавана па сумяшчальніцтве".

"У гэтых умовах немагчыма забеспячэнне нармальных функцый замежнай установы, у тым ліку прадугледжаных арт. 3 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, — гаворыцца ў заяве. — У гэтай сувязі беларускі бок вымушаны прыняць рашэнне аб адкліканні свайго пасольства ў Швецыі і вяртанні ўсіх супрацоўнікаў у Рэспубліку Беларусь. Адпаведныя дзеянні ўжо робяцца".

"Адначасова, — паведамляе МЗС, — засноўваючыся на прынцыпе ўзаемнасці, зафіксаваным у тым ліку ў арт. 2 Венскай канвенцыі, шведскаму боку прапанавана адклікаць сваё пасольства з Рэспублікі Беларусь да 30 жніўня 2012 г. Беларускі бок зыходзіць з таго, што ўсе супрацоўнікі шведскага пасольства ў Беларусі з гэтай даты страцяць свой статус".

Пры гэтым МЗС "асабліва падкрэслівае, што ў кантэксце гэтых мер гаворка не ідзе аб разрыве дыпламатычных адносін".

"Вяртанне двухбаковага ўзаемадзеяння на ранейшы ўзровень непасрэднай дыпламатычнай прысутнасці ў сталіцах дзвюх краін магчыма толькі ў выпадку, калі шведскі бок у дыялогу з Беларуссю вернецца да выканання міжнародна прызнаных прынцыпаў узаемапавагі, суверэннай роўнасці дзяржаў і садзеяння развіццю дружалюбных адносін", — гаворыцца ў заяве.

Пра тое, што Стэфан Эрыксан экстранна пакінуў Мінск, стала вядома вечарам 3 жніўня з запісу ў "Твітэры" міністра замежных спраў Швецыі Карла Більта.

Як паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Швецыі Андэрс Ёрле, паведамленне пра высылку свайго пасла ў Беларусі шведскае МЗС атрымала яшчэ 1 жніўня.

Пазней прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што беларускі бок не прадоўжыў яго акрэдытацыю. "Спадар Эрыксан працаваў у Беларусі амаль сем гадоў, гэта доўгі тэрмін. За гэты час уся яго дзейнасць была скіраваная не на ўмацаванне беларуска-шведскіх адносін, а на іх разбурэнне", — заявіў Савіных.

Карл Більт заявіў, што "высылка шведскага пасла з Беларусі рэжымам Лукашэнкі з`яўляецца сур`ёзным парушэннем стандартаў міждзяржаўных адносін". "Абвінавачанні, выстаўленыя рэжымам у дачыненні да пасла, не маюць падстаў. Тое, што Швецыя ўсебакова падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, не з`яўляецца сакрэтам, і пасол Эрыксан у поўнай меры праводзіў гэту палітыку. Пасол Эрыксан прадоўжыць сваю працу з яшчэ больш ясным акцэнтам на падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Мы таксама сумесна з іншымі краінамі ЕС разгледзім шляхі па далейшым узмацненні гэтай дзейнасці", — заявіў Більт.

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан у сваю чаргу заявіла, што рашэнне Мінска ў дачыненні да Эрыксана "парушае нормы адносін паміж дзяржавамі".

Сітуацыя вакол пасла Швецыі і магчымыя меры рэагавання з боку ЕС будуць разгледжаныя на бліжэйшым пасяджэнні камітэта па пытаннях палітыкі і бяспекі ў Бруселі, паведаміла еўракамісар.

БелаПАН
Мінск, 8 жніўня 2012
 
Дата публикации:08.08.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:1890
 
Ключевые слова:
Посольство Беларусь-Швеция Стефан Эрикссон
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме