https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дэлегацыя ЗША адмаўляецца ад удзелу ў нарадзе АБСЕ ў Вене, пакуль на яе беларускімі ўладамі не будзе дапушчаны Віктар Карняенка


Тэкст заявы місіі Злучаных Штатаў пры АБСЕ паступіў з пасольства ЗША ў Мінску.
Пасол ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Іэн Келі, выступаючы 12 ліпеня на пасяджэнні Пастаяннага савета ў Вене, назваў умовы ўдзелу амерыканскай дэлегацыі ў Дадатковай нарадзе па чалавечым вымярэнні АБСЕ. І тычацца яны Беларусі.

Паводле слоў пасла, Злучаныя Штаты па-ранейшаму глыбока занепакоеныя сур`ёўнымі парушэннямі Беларуссю сваіх абавязацельстваў АБСЕ ў галіне павагі правоў чалавека, асноўных свабод і вяршэнства закона.

"Хаця журналіст Анджэй Пачобут быў вызвалены да суда, мы лічым, што яго арышт па абвінавачанні ў "паклёпе на прэзідэнта" быў палітычна матываваным і што ўмовы, накладзеныя на яго вызваленне, прызначаныя для далейшага абмежавання яго здольнасці ажыццяўляць свае правы чалавека. Больш за тое, апошнімі днямі быў праведзены вобыск у офісе Саюза палякаў з канфіскацыяй абсталявання, як мяркуецца звязанага са справай спадара Пачобута", — адзначыў Келі.

Акрамя таго, ён нагадаў пра затрыманне, арышт і вызваленне журналіста Паўла Свярдлова, абвінавачанага ў "нецэнзурнай лаянцы", і заявіў, што "такія арышты і кароткатэрміновыя затрыманні робяцца ўсё больш распаўсюджаным сродкам для ўдушэння іншадумства ў Беларусі".

Амерыканскі бок па-ранейшаму глыбока заклапочаны станам палітзняволеных у Беларусі. "Раней мы ўжо ўздымалі пытанне аб узмацненні жорсткасці абмежаванняў у дачыненні да Алеся Бяляцкага, і мы занепакоеныя судовым загадам ад 4 ліпеня аб захопе офіса праваабарончага цэнтра "Вясна". Памяшканне, пра якое ідзе гаворка, служыць не толькі офісам цэнтра, але таксама і прыватнай рэзідэнцыяй жонкі спадара Бяляцкага, Наталлі Пінчук", — указвае пасол.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь, якая ўжо ўвяла абмежаванні на паездкі членаў апазіцыі і актывістаў у галіне правоў чалавека, нядаўна зрабіла яшчэ адзін крок па абмежаванні асноўнай свабоды перамяшчэння — права пакідаць сваю краіну і вяртацца ў яе. "Мы па-ранейшаму занепакоеныя бягучымі і меркаванымі заканадаўчымі актамі, такімі як указ № 295, апублікаваны 4 ліпеня, які дазваляе КДБ уключаць грамадзян у спіс асоб, якім забаронены паездкі, што шырока разглядаецца як інструмент для далейшага ўдушэння іншадумства", — сказаў Келі.

У сувязі з гэтым, адзначыў ён, амерыканскі бок глыбока занепакоены паведамленнем аб тым, што ўлады адмаўляюць Віктару Карняенку, сустаршыні ініцыятывы "За справядлівыя выбары", у праве ажыццявіць паездку ў Вену для ўдзелу ў Дадатковай нарадзе па чалавечым вымярэнні.

Як паведамляў БелаПАН, Віктар Карняенка быў афіцыйна запрошаны на нараду і планаваў вылецець у Вену раніцай 12 ліпеня, аднак у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" памежнікі паставілі яму штамп у пашпарт аб забароне на выезд за мяжу. Згодна з нядаўнім указам прэзідэнта, выезд за мяжу можа быць забаронены грамадзянам Беларусі, якія стаяць на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі. У той жа час у Вену адправілася старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына. Нарада на тэму арганізацыі дэмакратычных выбараў і назірання за імі пройдзе 12—13 ліпеня.

"Гэтае абмежаванне свабоды перамяшчэння спадара Карняенкі парушае жыццёва важны прынцып Хельсінкі і ставіць пад пытанне шчырасць Беларусі і яе прыхільнасць да асноўных прынцыпаў нашай арганізацыі. Злучаныя Штаты вымушаныя пратэставаць супраць гэтага чарговага ігнаравання Беларуссю асноўных свабод. У выніку гэтага, пакуль спадару Карняенку будуць адмаўляць у яго праве на свабоду перамяшчэння і ўдзел у нашай сустрэчы, ні я, ні мае старшыя супрацоўнікі не будуць у ёй удзельнічаць", — заявіў Келі.

ЗША, паводле яго слоў, задаволеныя рашэннем Савета ААН па правах чалавека прызначыць спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, якое Злучаныя Штаты актыўна падтрымалі. "Мы заклікаем урад краіны ў гэты час у поўнай меры супрацоўнічаць са спецыяльным дакладчыкам ААН і ўсімі спецыяльнымі працэдурамі ААН", — сказаў амерыканскі дыпламат.

"Мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна і без умоў вызваліць усіх палітзняволеных, забяспечыць поўнае аднаўленне іх палітычных і грамадзянскіх правоў і спыніць пераслед палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, змагароў за правы чалавека і незалежных журналістаў", — заявіў пасол ЗША ў АБСЕ.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 12 ліпеня 2012
 
Дата публикации:12.07.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:1802
 
Ключевые слова:
Беларусь-США Оппозиция в Беларуси Санкции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме