https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Эўрапарлямэнт пералічвае ўмовы «размарозкі»


16 лютага Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, якая асуджае практыку сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і заклікае ўлады ўвесьці мараторый на выкананьне гэтага пакараньня.
Эўрапейскія дэпутаты заклікалі беларускі рэжым памілаваць Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, асуджаных на сьмерць за тэракт у менскім мэтро, ды правесьці «поўнае, справядлівае і бесстароньняе расьследаваньне» выбуху ў мэтро. Яны таксама заклікалі афіцыйны Менск вызваліць усіх палітвязьняў, уключна з Мікалаем Статкевічам, Андрэем Саньнікавым і Алесем Бяляцкім.

«Эўразьвяз павінен працягваць эканамічныя і візавыя санкцыі ды замарожваньне актываў Лукашэнкі і ягоных памагатых, а таксама падтрымліваць патрабаваньне Эўрапарлямэнту і Сэнату ЗША перанесьці чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе. Гэтыя дзеяньні павінны дапамагчы ў вызваленьні ўсіх палітычных вязьняў і палепшыць стан дэмакратыі ў Беларусі» ― сказаў нашаму радыё эўрадэпутат Пэтар Шцястны, у мінулым вядомы славацкі хакеіст.

Паводле парлямэнтара Юстаса Палецкіса, гэтай рэзалюцыяй Эўрапарлямэнт зноў дае шанец афіцыйнаму Менску: «Калі набліжаюцца парлямэнцкія выбары, гэта шанец усё ж перайсьці да дыялёгу і рабіць крокі насустрач».

Старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаньнях Мікалай Самасейка, сябра камісіі па памілаваньні пры прэзыдэнце, заявіў карэспандэнту «Свабоды», што выступае за адмену сьмяротнай кары ў Беларусі.

​​«Калі б не пазыцыя Эўропы, магчыма, мы б ужо мелі мараторый. Праяўленьне Эўропай чарговым разам падвойных стандартаў, я маю на ўвазе рэакцыю на выбары прэзыдэнта і падзеі, якія былі пасьля, затармазіла вельмі многія праграмы. У тым ліку — якія тычацца адмены сьмяротнага пакараньня. Беларускі народ у прынцыпе не прымае нейкага ціску. Тут узьнікае пачуцьцё дэжавю. У тым пляне, што рабочая група па праблематыцы сьмяротнага пакараньня павінна была быць створана яшчэ летам 2009 году. Але была прынятая рэзалюцыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У ёй выстаўлена ўмова, што статус спэцзапрошанага будзе вернуты толькі пасьля ўвядзеньня мараторыю ці адмены сьмяротнай кары. Пасьля гэтага працэс стварэньня гэтай групы затармазіўся. Тое ж самае і цяпер».

Самасейка лічыць, што тэракт у менскім мэтро павялічыў колькасьць прыхільнікаў сьмяротнай кары і вырашаць гэтае пытаньне цяпер «было б блюзьнерствам». Улічваючы, што быў рэфэрэндум, «было б нелягічна, спытаўшы адзін раз у народу, не спытаць другі».

«Ну, а Эўропа няхай наракае на сябе. Каб ня ўсе гэтыя ўльтыматумы і патрабаваньні, мараторый ужо быў бы ўведзены».

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, мову ўльтыматумаў у зьнешняй палітыцы, маўляў, «будзем стаяць да апошняга», першым абраў афіцыйны Менск. І рэзалюцыя Эўрапарлямэнту — гэта рэагаваньне сродкамі афіцыйнага Менску. Таксама яна паказвае, што беларускае пытаньне знаходзіцца ў галоўным парадку дня.

​​«Калі казаць, шклянка поўная ці пустая, то трэба казаць, што яна ўсё ж такі больш схільная да напаўненьня яе санкцыямі, чым да зьмякчэньня сытуацыі. Гэта такі трэнд. Занадта многа ўжо заяўлена, сказана. І любое адступленьне ад гэтай пазыцыі для Эўразьвязу, для іншых міжнародных арганізацый будзе са знакам мінус. Падаецца, што сфармуляваны мінімальны пакет. І вось па гэтых пунктах — вызваленьне і рэабілітацыя палітычных вязьняў, свабодныя выбары і адмена ці мараторый сьмяротнага пакараньня — трэба дэманстраваць нейкія крокі, вынікі. Толькі тады можна гаварыць пра размарозку стасункаў паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам».

Праваабаронца Людміла Гразнова ўхваляе рэзалюцыю Эўрапарлямэнту. Яна лічыць, што ў беларускім грамадзтве расьце колькасьць прыхільнікаў адмены сьмяротнай кары. У тым ліку адносна Канавалава і Кавалёва. Людзі дагэтуль падпісваюцца пад пэтыцыямі.

«Гэта сьведчыць пра тое, што гэта вельмі балючае пытаньне для ўсіх нас. Такога ніколі не было ў Беларусі, каб былі такія выбухі і каб рабілася дэманстратыўнае, нахабнае расьсьледаваньне. Нам нібыта казалі, што вы тут ніхто і нішто. Нават абыякавыя людзі ня вераць у гэты вырак і падпісваюць пэтыцыі. Усе бачаць, што гэтая справа была шыта белымі ніткамі. Тое, што Эўрапарлямэнт ставіць гэтае пытаньне ключавым, азначае, што ён выратуе ня толькі жыцьцё гэтых хлопцаў, але і ўсіх нас ад такіх вось недарэчных спраў. Беларускаму кіраўніцтву ёсьць шанец праявіць міласьць, памілаваць гэтых хлопцаў. Для ўсіх гэта было б вельмі добра. Таксама дзеля пачатку працэсу дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўропай».

Маці Ўладзіслава Кавалёва Любоў выказала спадзяваньне, што такая рэакцыя з эўрапейскага боку захавае жыцьцё яе сыну. А таксама прымусіць уладу наагул пайсьці на адмену сьмяротнага пакараньня. Кавалёва заявіла, што раней зьвярнулася па падтрымку і дапамогу ў міжнародныя структуры.

​​«Улад пісаў у прашэньні аб памілаваньні — ня толькі памілаваць, але і зьняць крымінальную адказнасьць. Бо Ўлад зусім выпадковы чалавек у гэтай справе. Трэба абавязкова ўвесьці мараторый з наступнай адменай сьмяротнай кары. Атрымліваецца, дзяржава ад нашага імя робіць забойства. Гэта страшна. І трэба правесьці правільнае, справядлівае расьсьледаваньне і знайсьці сапраўдных вінаватых у гэтым выбуху. Было б справядліва накіраваць справу на новае расьсьледаваньне. Гэта ня проста тэрмін, а вышэйшая мера. Значыць, баяцца, каб хлопчыкі засталіся адзінымі сьведкамі фабрыкацыі крымінальнай справы. Многія падтрымліваюць мяне. Людзі сталі на бок дзяцей. Ва ўсякім разе, большасьць».

Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода, 16 лютага 2012
 
Дата публикации:16.02.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:2441
 
Ключевые слова:
Санкции Европарламента Беларусь-Евросоюз Смертная казнь Беспорядки в Минске Цветные революции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме