https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Генпракуратура Беларусі запытала ва Украіне звесткі аб выніках расследавання справы Палітыкі за шпіянаж і прымянення да яго недазволеных метадаў вядзення следства


Пра гэта паведамілі ў Генпракуратуры.
У Генеральнай пракуратуры Беларусі па-ранейшаму ёсць сумненні ў абгрунтаванасці крымінальнага пераследу следчым аддзелам упраўлення СБУ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі, які падазраецца ў шпіянажы.

Беларускім бокам запытаны звесткі аб выніках яго крымінальнага пераследу і правядзення дасудовага расследавання па факце прымянення да яго недазволеных метадаў вядзення следства. 

Юрыя Палітыку, як адзначаюць у Генпракуратуры, затрымалі 16 чэрвеня 2017 года пры перасячэнні дзяржмяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта "Новыя Ярылавічы" за спробу правезці на карце памяці мабільнага тэлефона звесткi, што складаюць дзяржаўную тайну. Пры гэтым файл з дадзенымі быў загружаны ў тэлефон не самім Палітыкай, а яго ўкраінскім таварышам — ваеннаслужачым ВС Украіны, які дзейнiчаў пад кантролем СБУ.

"Варта адзначыць, што праваахоўнымі органамі Украіны не дадзена прававая ацэнка дзеянням гэтага ўкраінскага вайскоўца, які меў у распараджэнні звесткі нібыта сакрэтнага характару", — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры Беларусі.

З самага пачатку Палітыка сваю віну ў інкрымінаваным яму злачынстве адмаўляў. Больш за тое, ён заявіў, што з мэтай атрымання ў яго пэўных паказанняў украінскія праваахоўныя органы прымянялі недазволеныя метады вядзення следства ў выглядзе актыўнага псіхаэмацыйнага ўздзеяння, катаванняў, пагроз і шантажу. Са слоў маці абвінавачванага, яе сын стаў ахвярай правакацыі ўкраінскіх спецслужбаў.

З паведамлення Генеральнай пракуратуры Украіны, якое раней паступіла на адрас Генпракуратуры Беларусі, вынікае, што па факце прымянення недазволеных метадаў вядзення следства ваеннай пракуратурай Чарнігаўскага гарнізона 27 кастрычніка пачата дасудовае расследаванне па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 365 КК Украіны (перавышэнне службовых паўнамоцтваў работнікам праваахоўнага органа, якое суправаджалася гвалтам ці пагрозай прымянення гвалту) і ч. 2 арт. 127 КК (катаванні, учыненыя па папярэдняй змове групай асоб).

Разам з тым, як адзначаюць у Генпракуратуры Беларусі, расследаванне гэтай крымінальнай справы ўкраінскімі праваахоўнымі органамі неапраўдана зацягваецца. Падчас сустрэчы 10 студзеня 2018 года з консульскім работнікам беларускага пасольства ва Украіне Палітыка, які ўтрымліваецца ў чарнігаўскім СІЗА,  паведаміў, што ніякіх працэсуальных дзеянняў па фактах недазволеных метадаў следства ніхто з ім не праводзіў. Паводле наяўных звестак, грамадзянін Беларусі па гэтай крымінальнай справе да гэтага часу не дапытаны, акрамя таго, няясна, ці завершана яго медыцынскае абследаванне, якое можа дапамагчы ўстанавіць наяўнасць у яго цялесных пашкоджанняў і іншых бачных слядоў фізічнага ўздзеяння.

"Адсутнасць з боку органа крымінальнага пераследу, які праводзiць дасудовае расследаванне, актыўных працэсуальных дзеянняў па факце прымянення да Палітыкі Ю.А. незаконных метадаў вядзення следства можа сведчыць аб пэўнай хісткасці выстаўленых яму ўкраінскім бокам падазрэнняў у шпіянажы", — лічаць у Генпракуратуры Беларусі.

Наконт каментароў упраўлення ўнутранай бяспекі СБУ аб тым, што да Палітыкі не прымянялася якога-небудзь псіхалагічнага, фізічнага або іншага націску, у Генпракуратуры Беларусі заяўляюць: "Крымінальна-прававую ацэнку гэтым дзеянням можа даць толькі ваенная пракуратура Чарнігаўскага гарнізона па выніках расследавання крымінальнай справы па факце прымянення да Палітыкі Ю.А. незаконных метадаў вядзення следства, а не ўпраўленне ўнутранай бяспекі Службы бяспекі Украіны, да кампетэнцыі якога не адносіцца правядзенне названага расследавання".

Генеральнай пракуратуры Беларусі таксама нічога не вядома пра заяву Палітыкі, на якую спасылаецца ўкраінская спецслужба і з якой вынікае, што да яго не прымянялася якога-небудзь націску.

"Калі такі зварот сапраўды меў месца, то дакладнасць звестак, якія ў ім утрымліваюцца, сумніўная, паколькі па факце прымянення да Палітыкі Ю.А. недазволеных метадаў вядзення следства ваеннай пракуратурай Чарнігаўскага гарнізона пачата дасудовае расследаванне", — заяўляюць у Мінску.

Беларускі бок заклапочаны паведамленнем СБУ аб тым, што органам крымінальнага пераследу фактычна завершана расследаванне крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да Палітыкі за шпіянаж.

"Мяркуем, што заканчэнне дасудовага расследавання па падазрэнні Палітыкі Ю.А. у шпіянажы без правядзення поўнага і аб`ектыўнага даследавання ўсіх акалічнасцяў магчымага прымянення да яго недазволеных метадаў следства, якія мелі вынікам прадстаўленне беларускім грамадзянінам недакладнай інфармацыі і самаагавор ва ўчыненні інкрымінаванага яму ўкраінскім бокам злачынства, ставіць пад сумнеў бесстароннасць украінскай Феміды і адсутнасць палітычнага падтэксту ў гэтай справе", — адзначаюць у Генпракуратуры.

На гэтыя акалічнасці генеральным пракурорам Беларусі звернута ўвага ў паўторным лісце, накіраваным генеральнаму пракурору Украіны.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 20 студзеня 2018
 
Дата публикации:20.01.2018
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:735
 
Ключевые слова:
Юрий Политика Украина Спецслужбы Шпионаж
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме