https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вырашэнне канфлікту ва Украіне толькі ў выкананні мінскіх дамоўленасцяў


Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Казахстана Ерлан Ідрысаў 22-га студзеня на прэс-канферэнцыі ў Астане.
Паводле слоў міністра, ініцыятарам і каталізатарам мінскіх дамоўленасцяў быў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

"Наш лідар, як і ўсе казахстанцы, успрымае ўкраінскі крызіс блізка да сэрца, таму што Украіна — блізкая нам краіна, — цытуе Ідрысава Казінфарм. — Вы ведаеце, што ў Казахстане пражывае вялікая колькасць украінцаў ці казахстанцаў украінскага паходжання — каля 300 тысяч чалавек. Таму іх боль — гэта наш боль. Гэтым і тлумачыцца праактыўная пазіцыя кіраўніка нашай дзяржавы".

Ідрысаў падкрэсліў, што Казахстан пастаянна шукае шляхі выхаду з канфліктнай сітуацыі ва Украіне, аднак цяпер "няма нічога лепшага, чым мінскія дамоўленасці ў нармандскім фармаце", нягледзячы на тое што яны, можа быць, і не ідэальныя.

"Таму адзіным шляхам для ўрэгулявання сітуацыі з`яўляецца скрупулёзнае выкананне гэтых пагадненняў усімі ўцягнутымі бакамі, — заявіў Ідрысаў. — Мы ведаем, што няма поўнай задаволенасці іх выкананнем. Усе краіны заклікаюць удзельнікаў мінскіх дамоўленасцяў прыкладаць усе намаганні, каб іх рэалізоўваць. Але мы перакананыя, што гэта адзіны і правільны, які ёсць у руках, шлях для дасягнення пачатку ўрэгулявання крызісу ва Украіне. Мы ўсімі палітычнымі і іншымі спосабамі імкнемся гэтаму спрыяць".

18 студзеня на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета бяспекі ААН у Нью-Ёрку Назарбаеў паведаміў, што прапанова перанесці перамовы з Мінска прагучала ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

"Мінск-1 застопарыўся, у тупіку", — сказаў Назарбаеў і дадаў, што "ўвогуле гэта першапачаткова павінна было быць у Казахстане". Дамовіліся, што ў гэтым кірунку будзем працаваць, дадаў Назарбаеў. Паводле яго слоў, адным з асноўных пытанняў можа стаць увядзенне "блакітных касак" у Данецк і Луганск.

19 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, каментуючы заяву Назарбаева, адзначыў: "У адрозненне ад іншых, Беларусь за лаўрамі міратворца не гоніцца. Але гэта канфлікт у нашай сям`і, у нашым рэгіёне, і мы кроўна зацікаўлены ў яго вырашэнні. Мы не ўдзельнікі перамоў, але прэзідэнт Рэспублікі Беларусь неаднаразова прапаноўваў розныя варыянты ўрэгулявання гэтага крызісу, у тым ліку гатоўнасць забяспечыць кантроль беларускімі міратворцамі ўкраінска-расійскай мяжы і лініі сутыкнення".

Макей нагадаў, што Беларусь "не напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне", з такой просьбай да Аляксандра Лукашэнкі звярнуліся кіраўнікі краін "нармандскай чацвёркі". "Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху", — падкрэсліў кіраўнік МЗС Беларусі.

Прадстаўнікі Украіны і Расіі таксама заявілі пра тое, што выніковасць перамоў важнейшая за месца іх правядзення.

Чарговыя перамовы трохбаковай кантактнай групы аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне адбыліся ў Мінску 18 студзеня. Па іх выніках спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік паведаміў, што бакі канфлікту абмяркоўваюць перспектывы далейшага абмену палоннымі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 22 студзеня 2018
 
Дата публикации:22.01.2018
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:869
 
Ключевые слова:
Украина Нормандская четвёрка Украина Война Минский формат Спорные территории
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме