https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Турцыя падзякавала Мінску за падтрымку


Пасольства Турцыі ў Мінску выказала ўдзячнасць Беларусі за падтрымку пасля спробы ваеннага перавароту, зробленай увечары 15 ліпеня, і заявіла пра нармалізацыю сітуацыі ў краіне.
"Мы выказваем удзячнасць дружалюбным краінам, у тым ліку Беларусі, за пасланні на адрас Турцыі са словамі падтрымкі і салідарнасці і тэлефанаванні высокапастаўленым службовым асобам ва ўрадзе нашай краіны для выражэння падтрымкі", — гаворыцца ў паведамленні турэцкага пасольства ў Беларусі,

"Увечары 15 ліпеня вайскоўцы розных ваенных званняў у складзе групы, якая ўзнікла ва Узброеных сілах Турцыі, распачалі спробу дзяржаўнага перавароту, — паведамляе дыпламатычнае прадстаўніцтва Турцыі ў Мінску. — Спроба ваеннага перавароту, сярод удзельнікаў якога былі заўважаныя пераважна Камандаванне ваенна-паветранымі сіламі, Галоўнае камандаванне жандармерыі і элементы асобных бранягруп, з самага пачатку была адхіленая ўсім складам Узброеных сіл Турцыі".

"У сувязі са спробай перавароту Галоўнае ўпраўленне бяспекі і пракурорскі корпус Турцыі аператыўна прынялі неабходныя меры і прадухілілі яго развіццё, — адзначаецца ў паведамленні. — Прэзідэнт, прэм`ер-міністр, урад нашай краіны і члены Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі ў поўнай салідарнасці з Узброенымі сіламі Турцыі занялі бок дэмакратыі і прававой дзяржавы. Турэцкі народ, аб`яднаўшы намаганні і прадэманстраваўшы гістарычную салідарнасць з дзяржавай, выйшаў на вуліцы і, стаўшы на шляху танкаў банды мяцежнікаў, перашкодзіў спробе перавароту".

Як адзначаюць у пасольстве, "спроба мяцежнікаў захапіць будынак Турэцкай тэлерадыёкампаніі і развязаць інфармацыйную кампанію з дапамогай такіх сродкаў масавай камунікацыі, як прыватныя друкаваныя органы і інтэрнэт, неўзабаве была сарваная. У гэты перыяд турэцкія СМІ далі ўрок дэмакратыі". "Усе палітычныя партыі ў нашай краіне выступілі ў абарону дэмакратыі, палітычнай волі і Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі, які яе выказвае", — гаворыцца ў паведамленні. 16 ліпеня адбылося пазачарговае пасяджэнне Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі, які прыняў сумесную дэкларацыю.

Дыппрадстаўніцтва інфармуе, што падчас аперацый супраць удзельнікаў перавароту "арыштавана прыблізна 3.000 мяцежнікаў, прыкладна 100 чалавек захопленыя мёртвымі ў час сутыкненняў", ахвярамі бунту стаў 161 чалавек, у тым ліку цывільныя асобы, пацярпелі прыкладна 1.400 чалавек.

У пасольстве заяўляюць, што "16 ліпеня жыццё ў Турцыі вярнулася ў нармальнае рэчышча". "Мяцежнікі не атрымалі падтрымкі міжнароднай супольнасці. Ад шэрагу дзяржаў і міжнародных арганізацый, сярод якіх і Беларусь, былі атрыманыя пасланні/звароты/тэлефанаванні са словамі салідарнасці, значэнне якіх такое вялікае для Турцыі", — гаворыцца ў паведамленні.

Пасольства адзначае, што "факт здзяйснення спробы дзяржаўнага перавароту сіламі тэрарыстычнай арганізацыі Фетулаха Гюлена FETО відавочны". "Урад нашай краіны спрабаваў давесці да ведама дружалюбных і саюзных дзяржаў тэрарыстычную прыроду гэтай арганізацыі і сапраўднае аблічча Фетулаха Гюлена (былы імам і прапаведнік, які жыве ў Пенсільваніі, ЗША.). На жаль, далікатнасць гэтага пытання і па гэты дзень у поўнай ступені не была ўсвядомленая. Так праявілася сапраўднае аблічча гэтай мяцежнай тэрарыстычнай арганізацыі".

Спроба перавароту адбылася ўвечары 15 ліпеня. Былі перакрытыя масты цераз Басфорскі праліў, уведзеная каменданцкая гадзіна, спыненыя авіязносіны. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў народ выйсці на вуліцы. Блізу раніцы 16 ліпеня перавага аказалася на баку верных ураду сілавікоў.

Аляксандр Лукашэнка накіраваў Эрдагану пасланне са словамі падтрымкі. МЗС Беларусі ў сваю чаргу "рашуча асудзіла злачынную спробу незаконнага звяржэння дзяржаўнай улады", а таксама заявіла, што "цалкам салідарнае з турэцкім кіраўніцтвам".

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 17 ліпеня 2016
 
Дата публикации:17.07.2016
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:748
 
Ключевые слова:
Турция Переворот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме