https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У найбліжэйшы панядзелак Еўрасаюз мае намер працягнуць дзеянне санкцый адносна Беларусі да 31 кастрычніка 2013 года


Пра гэта гаворыцца ў каментары да парадку дня запланаванага на 15 кастрычніка пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін ЕС
"Улічваючы, што не ўсе палітзняволеныя былі вызвалены, ніхто з вызваленых (палітзняволеных — БелаПАН.) не быў рэабілітаваны, а сітуацыя з павагай правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў не палепшылася, Савет працягне дзеянне абмежавальных мер да 31 кастрычніка 2013 года", — паведамляе прэс-служба Савета ЕС.

Еўрасаюз мае намер перыядычна пераглядаць абмежавальныя меры адносна Беларусі ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ў краіне. У паведамленні нагадваецца, што цяпер 243 беларускім чыноўнікам, у тым ліку прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, забаронены ўезд на тэрыторыю краін ЕС.

На пасяджэнні 15 кастрычніка міністры замежных спраў плануюць абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі пасля парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 23 верасня.

"Еўрасаюз працягне патрабаваць, каб усе палітзняволеныя былі вызвалены і рэабілітаваны, — падкрэсліваецца ў паведамленні. — Палітыка ЕС адносна Беларусі, у любым выпадку, не абмяжоўваецца санкцыямі, але таксама выражаецца ў падтрымцы грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ".

Нагадаем, прымаючы 5 кастрычніка даверчыя граматы ад паслоў краін Еўрасаюза, Аляксандр Лукашэнка заклікаў ЕС адмовіцца ад "бессэнсоўнага ціску на Беларусь" і "шукаць пункты судакранання".

"Чакаем, што Еўрасаюз адмовіцца ад бессэнсоўнага ціску на нашу краіну, зробіць крокі для аднаўлення даверу да сябе як да сур`ёзнага партнёра і добрага суседа. І роля ў гэтым працэсе кіраўнікоў дыпмісій краін — членаў ЕС істотная", — заявіў Лукашэнка.

"Ментарскі тон і нібыта адзіна сапраўдны заходні светапогляд колькі заўгодна могуць навязвацца краінам, якія бачаць сябе ў будучыні часткай Еўрасаюза. Але гэта не тычыцца Беларусі, — падкрэсліў Лукашэнка. — На шляху эвалюцыйных пераўтварэнняў, ці, калі хочаце, мадэрнізацыі палітычнай і эканамічнай сістэмы, у інтарэсах нашага народа мы не будзем дзейнічаць па чыёй-небудзь указцы звонку".

Звяртаючыся канкрэтна да пасла Вялікабрытаніі, беларускі кіраўнік заявіў: "Думаю, час нам ужо адмовіцца ад гэтых стэрэатыпаў і стандартных абвінавачанняў з боку Еўрасаюза ў адрас Беларусі. Час ужо шукаць пункты судакранання".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 12 кастрычніка 2012
 
Дата публикации:12.10.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:1631
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз Санкции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме