https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі адзначае заслугі брытанскага пасла ў развіцці двухбаковых адносін з Беларуссю


Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 7-га жніўня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Фіёнай Гіб у сувязі з завяршэннем яе дыпламатычнай місіі ў Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сустракаецца не з усімі замежнымі пасламі, калі завяршаецца іх дыпламатычная місія.



"Тое, што зроблена за час вашага знаходжання і службы ў Беларусі, не было зроблена да гэтага часу нікім. Усімі пасламі Вялікабрытаніі не было зроблена. Таму я вам за гэта вельмі ўдзячны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ў многім дзякуючы вам. Я так лічу, і Міністэрства замежных спраў гэты пункт гледжання падтрымлівае. Толькі дзякуючы вашай актыўнасці, настойлівасці, адкрытасці, сумленнасці і справядлівасці, за якія вы заўсёды выступаеце (гэта таксама нам сугучна), можна было зрабіць тое, што было зроблена".

Прэзідэнт адзначыў, што тры з палавінай мільярды долараў двухбаковага тавараабароту - гэта фундамент любых адносін.

"Трэцяе месца вы займаеце ў аб`ёмах тавараабароту. Першае - Расія, затым Украіна і Вялікабрытанія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Але ёсць праблемы, вы іх ведаеце. Наш экспарт і тавараабарот шмат у чым залежаць ад пастаўкі нафтапрадуктаў. І як толькі здарыліся на нафтаправодзе "Дружба" бяда і праблемы з бруднай нафтай, у нас крыху прасеў тавараабарот. Таму нам патрэбна дыверсіфікацыя", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць і далей працаваць над развіццём беларуска-брытанскага супрацоўніцтва, прапанаваўшы інтэнсіфікаваць гэтыя адносіны. Прэзідэнт адзначыў і падзякаваў брытанскаму боку за супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, дапамогу беларускім дзецям у рэгіёнах, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

"Вы дзецям нашым дапамагалі і дапамагаеце пасля Чарнобыля. І лячыцца, і аднаўляцца. Яны лятаюць да вас. Мы вельмі цэнім вашу дапамогу і падтрымку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама прыгадаў аб удзеле брытанскіх спартсменаў у II Еўрапейскіх гульнях: "Ваша каманда прыехала, цудоўна выступіла тут".

Аляксандр Лукашэнка папрасіў Фіёну Гіб пры магчымасці перадаць самыя добрыя пажаданні кіраўніку Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасцьяну Коэ. "Яму будзе прыемна, што мы помнім яго ў Беларусі. І мы чакаем яго ў верасні на матч Еўропа-ЗША 9-10 верасня. Гэта толькі дзякуючы яму нашы гледачы ўбачаць гэта свята", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Бачыце, які спектр нашых адносін. І нам не проста трэба развіваць гэтыя адносіны. Мы можам знайсці новыя напрамкі супрацоўніцтва. Проста не трэба губляць час. Думаю, што новы прэм`ер, новы ўрад (у Вялікабрытаніі) актывізуюць гэтыя адносіны і, можа быць, праз некаторы час вы прыедзеце да нас (а вы прыязджайце ў любы час без усялякіх віз, вы - наш чалавек тут ужо), і мы з вамі зможам абмеркаваць ужо нашы новыя адносіны, якія адновяцца. І ўсё роўна фундаментам гэтых адносін будзе ваш перыяд работы ў якасці пасла ў Беларусі. Дзякуй вам за ўсё, і я вам шчыра жадаю поспехаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Фіёна Гіб падзякавала за цёплыя словы, асабліва ў плане яе асабістага ўкладу ў развіццё беларуска-брытанскага супрацоўніцтва.

"Я сапраўды веру, што адносіны паміж нашымі дзвюма краінамі рушылі наперад за гэтыя тры з палавінай гады", - сказала яна.

У апошнія гады беларуска-брытанскія кантакты значна актывізаваліся. У 2016 годзе адбыўся візіт у Беларусь члена брытанскай каралеўскай сям`і прынца Майкла Кенцкага, а ў 2017 годзе - візіт дзяржаўнага міністра па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Алана Дункана. Праведзены сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы.

У 2018 годзе Вялікабрытанію наведаў міністр замежных спраў Беларусі, падпісаны мемарандумы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і аб узаемадзеянні паміж мытнымі органамі.

Таксама ў мінулым годзе адбыўся візіт у Беларусь брытанскай парламенцкай дэлегацыі, прайшлі перагаворы з кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу. У парламентах дзвюх краін створаны групы міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

У бягучым годзе 10-11 чэрвеня арганізаваны рабочы візіт у Лондан прэм`ер-міністра Беларусі. На пляцоўцы Лонданскай фондавай біржы ўпершыню прайшоў Дзень рынкаў капіталу Беларусі.

Апроч таго, 20-22 чэрвеня Беларусь наведаў дзяржаўны міністр па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Джордж Холінгберы для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Брытанскі прадстаўнік быў прыняты кіраўніком дзяржавы.

З 2016 года дасягнуты істотны прагрэс у развіцці дагаворна-прававой базы.

Акрамя ўжо згаданых дакументаў, падпісаны пагадненні аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання, аб міжнародных аўтамабільных перавозках. Актыўна развівалася і супрацоўніцтва ў культурнай, адукацыйнай сферах.

Апошнія некалькі гадоў Вялікабрытанія займае трэцяе месца па экспарце беларускіх тавараў. У 2018 годзе тавараабарот склаў $3,4 млрд, у тым ліку экспарт - $3,1 млрд. Аб`ём прамых замежных інвестыцый з Вялікабрытаніі па выніках 2018 года дасягнуў $2,7 млрд.

Злучанае Каралеўства займае другое месца (пасля Расіі) ад усяго аб`ёму прамых замежных інвестыцый, прыцягнутых у беларускую эканоміку. У краіне створана 211 арганізацый з брытанскім капіталам. Цяпер вядзецца работа над перспектыўнымі двухбаковымі праектамі ў сферах альтэрнатыўнай энергетыкі, дарожнага будаўніцтва, электрааўтамабілебудавання, сельскай гаспадаркі і харчавання, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, банкаўскай справы і фінансаў.

7 жніўня 2019, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА
 
Дата публикации:07.08.2019
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:519
 
Ключевые слова:
Великобритания Посольство Инвестиции Товарооборот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме