Сі Цзіньпін і Лукашэнка падпісалі дэкларацыю аб стратэгічным партнёрстве
"Мы сапраўды сур`ёзна прасунуліся ў нашым супрацоўніцтве. Дазвольце мне ад імя беларускага народа і маёй дзяржавы падзякаваць Вам асабіста за ўклад у нашы адносіны. Калі б не было гэтага асабістага ўкладу, не было б і такіх адносін", — сказаў Лукашэнка.
"Пасля вашага візіту ў Беларусь у маі 2015 года мы вельмі інтэнсіўна працавалі над сумесным прасоўваннем тых ініцыятыў, якія былі вамі выказаны, і перш за ўсё Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, які вы назвалі жамчужынай Шаўковага шляху, — адзначыў Лукашэнка. — Гэта сапраўды найважнейшы вузлавы элемент паглыблення рэгіянальнага і крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі".
Лукашэнка і Сі Цзіньпін "абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна больш актыўна выкарыстоўваць". Размова на перамовах таксама ішла аб гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным супрацоўніцтве, узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме, развіцці міжпарламенцкага дыялогу. Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях "дарогай з больш інтэнсіўным рухам", узмацняць узаемную падтрымку.
"Мы вывелі двухбаковыя адносіны і шматпланавае супрацоўніцтва на траекторыю паскоранага развіцця. Кітай і Беларусь — сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і падымаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер`е, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах", — заявіў Сі Цзіньпін.
Па выніках перамоў падпісана сумесная дэкларацыя "аб усталяванні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва".
У дакуменце "замацаваны намер бесперапынна паглыбляць палітычны ўзаемадавер і супрацоўніцтва ў розных галінах, нарошчваць кантакты паміж народамі і гуманітарныя абмены, узбагачаць складнік беларуска-кітайскіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, развіваць "усепагодную дружбу". "Значная ўвага" ў дэкларацыі нададзена эканамічнаму блоку супрацоўніцтва, сумеснаму прасоўванню праекта Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
У прысутнасці Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна падпісана "амаль тры дзясяткі" пагадненняў і мемарандумаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных галінах, у тым ліку ў сферах прамысловасці і інвестыцый, фінансаў, гандлю, адукацыі і навукі, турызму.
Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам "За ўмацаванне міру і дружбы" за "вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных, гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, выключныя заслугі ва ўмацаванні дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі". Старшыня КНР "стаў першым, хто ўдастоены гэтай узнагароды".
У Пекіне 29 верасня Лукашэнка таксама сустрэўся са старшынёй пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам і старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам.
Дзяржаўны візіт Лукашэнкі ў Кітай працягнецца 30 верасня. Запланавана сустрэча з прэм`ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам. Акрамя таго, Лукашэнка наведае Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ і студэнтамі.
БелаПАН
Мінск, 29 верасня 2016
Мінск, 29 верасня 2016