Прэзыдэнт Кіргізcтана Алмазбек Атамбаеў падпісаў указ аб прызначэньні Кубанычбека Амураліева амбасадарам у Беларусі.
Паслы Кіргізстану праз тры гады вяртаюцца ў Менск і Лёндан.
Кіргізcтан адклікаў свайго амбасадара зь Менску ў 2012 годзе.
Гэта было зроблена пасьля таго, як афіцыйны Менск не адрэагаваў на ноту кіргіскага боку адносна знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі абвешчанага ў міжнародны вышук Жаныбека Бакіева.
Малодшы брат зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева, які ўзначальваў пры ім службу дзяржаховы рэспублікі, быў сфатаграфаваны ў кавярні ў цэнтры Менску.
Кіргіскі бок неаднойчы патрабаваў ад афіцыйнага Менску экстрадыцыі Бакіева, які атрымаў прытулак у Беларусі. Раней суд у Бішкеку завочна асудзіў Бакіева і яго роднага брата Жаныша да вышэйшай меры — пажыцьцёвага зьняволеньня за арганізацыю масавага забойства ўдзельнікаў мітынгу на цэнтральнай плошчы Бішкека ў красавіку 2010 году. Жаныбек Бакіеў таксама прызнаны датычным да арганізацыі двух заказных забойстваў.
Сёлета ў лютым прэзыдэнт Кіргізстана Алмазбек Атамбаеў заявіў, што беларускія ўлады працягваюць даваць прытулак у сваёй краіне небясьпечным злачынцам. Міністэрства замежных спраў Кіргізстана выступіла з заявай, у якой асудзіла Беларусь за хаваньне на сваёй тэрыторыі людзей з клану Бакіева.
Радыё Свабода, 22 траўня 2015