Дата наступнага пасяджэння кантактнай групы па Украіне пакуль не вызначана, аднак Масква разлічвае, што бакі збяруцца "самым найбліжэйшым часам".
"Дарэчы, дастаткова часта праводзяцца відэаканферэнцыі ў гэтым фармаце, — дадаў Лукашэвіч, словы якога прыводзіць прэс-служба знешнепалітычнага ведамства. — Ёсць неабходнасць абмяркоўваць і дамаўляцца па канкрэтных кірунках і пунктах мінскіх дамоўленасцей ад 5 верасня. Гэта тычыцца выбараў і вельмі важнага элемента, які там зафіксаваны, — працягу агульнанацыянальнага інклюзіўнага дыялогу і вырашэння шэрагу іншых пытаняў, якія павінны атрымаць форму асобных дакументаў. Мяркую, што менавіта такое разуменне прачытваецца з тэкста пратакола ад 5 верасня".
"Праца толькі пачынаецца, і мы, канешне, вельмі зацікаўленыя, каб такія дамоўленасці на паперы дасягаліся і рэалізоўваліся ў поўнай меры. Мы будзем гэтаму ўсяляк садзейнічаць", — заявіў прадстаўнік МЗС РФ.
Ён таксама паведаміў, што ў адпаведнасці з дамоўленасцю прэзідэнтаў Расіі і Украіны 26 жніўня ў Мінску Масква мае намер накіраваць у Луганскую і Данецкую вобласці Украіны ва ўзаемадзеянні з украінскім бокам і Міжнародным Камітэтам Чырвонага Крыжа (МКЧК) другую партыю гуманітарнага грузу, якая ўключае прадукты харчавання, медыкаменты, электрагенерыруючае абсталяванне, рэчавую маёмасць.
"Пры гэтым зыходзім з таго, што дастаўка будзе ажыццёўлена пры ўдзеле супрацоўнікаў пагранічнай і мытнай службаў Украіны, прадстаўнікоў МКЧК, а размеркаванне дапамогі маючым патрэбу будзе праведзена пад эгідай МКЧК. Цяпер узгадняюцца мадальнасці дастаўкі гуманітарнага грузу", — сказаў Лукашэвіч.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык на брыфінгу ў чацвер таксама заявіў, што дата наступнай сустрэчы кантактнай групы па Украіне ў Мінску пакуль невядомая. Паводле яго слоў, беларускі бок не аднойчы арганізоўваў сустрэчы групы ў Мінску, але рашэнне аб правядзенні чарговай сустрэчы прымаюць удзельнікі групы.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 11 верасня 2014