Начальнік аддзела ЗША і Канады ўпраўлення Амерыкі МЗС Беларусі Сяргей Рачкоў правёў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента і кангрэса ЗША, а таксама амерыканскай аналітычнай супольнасці.
У сустрэчах узяў удзел часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка.
Падчас сустрэч з кіраўнікамі рэгіянальнага і профільных офісаў Дзярждэпартамента ЗША адбыўся "адкрыты і канструктыўны абмен меркаваннямі па шырокай праблематыцы двухбаковых адносін і некаторых міжнародных тэмах".
"Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковых палітычных і эканамічных адносін, праблематыку правоў чалавека, міжнароднай бяспекі і нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння, барацьбы з гандлем людзьмі, глабальнага прасоўвання пытанняў гендарнай роўнасці, у тым ліку шляхам пашырэння ўдзелу жанчын у прадпрымальніцкай дзейнасці. Былі ўважліва разгледжаны магчымасці рэалізацыі сумесных гуманітарных праектаў у галіне аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва, адукацыі ў Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні.
Рачкоў таксама праінфармаваў прадстаўнікоў Дзярждэпартамента аб працы беларускага боку па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Дзярждэпартамент ЗША падзяліўся вопытам свайго ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі.
У сустрэчах у Дзярждэпартаменце таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі Савета нацыянальнай бяспекі і Міністэрства фінансаў ЗША. Бакі дамовіліся аб далейшым абмене рабочымі візітамі з мэтай развіцця беларуска-амерыканскіх адносін, падкрэсліваецца ў паведамленні.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 2 красавіка 2013