Як паведаміла Генеральная пракуратура Кыргызстана, гэты чалавек 15 чэрвеня 2012 года быў затрыманы на тэрыторыі Жамбылскай вобласці Казахстана. Пры затрыманні ён падаў пашпарт грамадзяніна Беларусі на імя Пазыла Ташбаева.
Сродкі масавай інфармацыі называюць Рахманава адным з набліжаных да сям`і экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева чыноўнікаў (прозвішча Рахманава фігуравала ў "гарачай дваццатцы" — спісе самых адыёзных персон, абвешчаных у міждзяржаўны і міжнародны вышук).
Нагадаем, у красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўрада, што складаецца з лідараў апазіцыйных партый. Пры гэтым загінулі прыкладна 90 чалавек, прыблізна тысяча атрымалі раненні.
19 красавіка таго ж года скінуты прэзідэнт Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Сам Бакіеў, яго брат Жаныбек, які ўзначальваў Службу дзяржаховы, сын Марат і шэраг іншых набліжаных завочна абвінавачаныя ў масавым забойстве, спалучаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаны ў міжнародны вышук.
Бішкек неаднаразова звяртаўся да Мінска з просьбай выдаць Бакіева, але Генпракуратура Беларусі адмовіла, заявіўшы, што не знаходзіць прававых падстаў для гэтага.
У жніўні 2012 года адзін з актывістаў беларускай апазіцыі сфатаграфаваў Жаныбека Бакіева, якога выпадкова ўбачыў, калі той выходзіў з кафэ ў цэнтры Мінска, і выклаў фота ў інтэрнэт. Кіргізскі бок зноў звярнуўся да Мінска з просьбай аб затрыманні і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева. Рэакцыі з Беларусі не было, і 24 жніўня ўлады Кыргызстана адклікалі з Мінска свайго пасла.
11 снежня 2012 года Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з членамі Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі заявіў, што пытанне аб выдачы Курманбека Бакіева не з`яўляецца праблемай у адносінах Беларусі і Кыргызстана. "Праблема з Бакіевым — гэта сёння ўжо не праблема ў нашых адносінах. Вам патрэбен Бакіеў? Навошта? Чалавек жыве, з`ехаў, усякае бывае, гадуе дзяцей", — сказаў Лукашэнка. Ён прапанаваў уладам Кыргызстана перавесці пенсію Бакіеву: "Жыве чалавек, пенсію яму сюды перавядзіце. Быццам бы налічана, але не пераводзяць".
"Я не быў сябрам Бакіева, ён быў сябрам Пуціна, Назарбаева", — заявіў Лукашэнка і, успамінаючы падзеі ў Кыргызстане, дадаў: "Ён тэлефануе, плача: забяры дзяцей. Я кажу: прыязджай разам з дзецьмі".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 30 студзеня 2013