2-га снежня ўсе супрацоўнікі апарату былі адкліканы з Мінска.
Паводле інфармацыі нямецкага агенцтва dpa, улады Германіі палічылі немагчымым далейшае ваеннае супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам у сувязі са шматлікімі выпадкамі парушэння правоў чалавека ў Беларусі.
У пасольстве ФРГ у Мінску пацвердзілі інфармацыю аб закрыцці штаба ваеннага аташэ. "Пытанні арганізацыйнага характару і канкрэтныя даты знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення. Адкліканыя супрацоўнікі пакуль Мінск не пакінулі", — паведамілі ў прэс-службе пасольства.
"Захапляючыся партыйнымі манеўрамі, нямецкія палітычныя дзеячы губляюць цвярозы розум і прымаюць абсурдныя рашэнні" — так пракаментаваў рашэнне ўладаў ФРГ прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Паводле яго слоў, германскі бок мае права вызначаць структуру і кірункі працы сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў. "Аднак з абнародаванай фармулёўкі зразумела, што гэта надуманы крок, які супярэчыць агульнаеўрапейскім намаганням па ўмацаванні бяспекі. Мы мяркуем, што гэтае рашэнне звязана з абвастрэннем палітычнай барацьбы паміж партыйнымі структурамі ўнутры Германіі", — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Беларусі.
Паводле яго слоў, міністра абароны Германіі "можна толькі пашкадаваць, таму што вядома, што ў абсурду межаў няма".
Рашэнню па спыненні місіі ваеннага аташэ ў Мінску папярэднічалі дыпламатычныя крокі абедзвюх краін. У верасні 2012 года ўрад Германіі канстатаваў адсутнасць паляпшэння ў Беларусі сітуацыі з палітычным пераследам іншадумцаў і абмежаваў ваеннае супрацоўніцтва. У адказ Мінск спыніў кааперацыю з бундэсверам.
Створаны ў 1993 годзе апарат ваеннага аташэ пасольства Германіі ў Мінску назіраў за працэсамі развіцця і рэфармавання беларускай арміі і яе ўзаемадзеяннем з узброенымі сіламі іншых дзяржаў і міжнародных структур бяспекі — СНД, НАТО, АБСЕ і ААН. Ён таксама даваў беларускаму Міністэрству абароны інфармацыю па ваенных пытаннях, якія тычацца Германіі.
Нагадаем, у жніўні гэтага года нямецкая газета Bild паведаміла, што Германія дапамагала "аўтарытарна кіраванай Беларусі" не толькі ў навучанні міліцыі, але і ў яе ўзбраенні: толькі ў 2009 і 2010 гадах на камп`ютарную і відэатэхніку было патрачана 41.200 еўра. Акрамя таго, паміж 2008 і 2011 гадамі беларускаму боку было перададзена не менш чым 100 камплектаў абмундзіравання (бронекамізэлькі, шлемы, дубінкі).
Яшчэ раней нямецкія СМІ абвінавачвалі МУС Германіі ў супрацоўніцтве з Мінскам, у тым ліку ў навучанні разгону пратэставых акцый. МУС заявіла, што супрацоўніцтва, пачатае з санкцыі ўрада Ангелы Меркель, якое тычылася галоўным чынам пагранічных службаў, было згорнутае ў канцы 2010 года, калі ў Мінску была жорстка разагнана акцыя супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Між тым, паводле інфармацыі нямецкіх масмедыя, навучальныя семінары праводзіліся да кастрычніка 2011 года, а лакальныя кантакты працягваюцца дагэтуль.
У пасольстве ФРГ у Мінску сітуацыю з закрыццём штаба ваеннага аташэ пакуль не каментуюць.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 3 снежня 2012