https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь і Украіна падпішуць пагадненне аб парадку перасячэння мяжы жыхарамі двух памежных раёнаў


Адпаведны ўказ падпісаны 10-га снежня, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўхваліў у якасці асновы для правядзення перамоў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Украіны аб парадку перасячэння беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы жыхарамі Столінскага раёна Брэсцкай вобласці і Ракітнаўскага раёна Ровенскай вобласці.

На правядзенне перамоў і падпісанне пагаднення ўпаўнаважаны старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Аляксандр Боечка.

Пра сутнасць пагаднення нічога не паведамляецца, але, як мяркуюць эксперты, верагодна, гаворка ідзе пра узаконьванне часовых дамоўленасцяў аб перасячэнні мяжы ўкраінскімі грамадзянамі ў раёне Мерлінскага палігона, дасягнутых летам мінулага года.

Нагадаем, у пачатку ліпеня 2011 года Аляксандр Лукашэнка дазволіў грамадзянам Украіны, якія жывуць каля Мерлінскага палігона, збіраць грыбы і ягады на беларускай тэрыторыі. Такое рашэнне было прынята пасля таго, як на мяжы ледзь не адбыўся інцыдэнт: 2 ліпеня тут мітынгавала прыкладна 200 украінцаў, якія патрабавалі вызвалення сваіх затрыманых суайчыннікаў і дазволу на збор дзікарослых ягад і грыбоў на палігоне. На месца выязджаў тагачасны старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі Ігар Рачкоўскі, які паабяцаў да 5 ліпеня ўрэгуляваць сітуацыю.

Пра гэта быў праінфармаваны Лукашэнка, які і прыняў рашэнне дазволіць украінскім грамадзянам, жыхарам памежных населеных пунктаў, доступ па часовай схеме, да дэмаркацыі мяжы, на беларускую тэрыторыю для збору ягад і грыбоў. Пра гэта жыхарам памежжа 5 ліпеня абвясцілі Ігар Рачкоўскі і кіраўнік Дзяржпагранслужбы Украіны Мікалай Літвін. Пры гэтым яны папярэдзілі мясцовае насельніцтва, што дазволены толькі збор дзікарослых ягад і грыбоў, а высечка лесу будзе карацца.

12 ліпеня прадстаўнікі памежных адміністрацый Беларусі і Украіны дамовіліся пра арганізацыю і забеспячэнне часовага пропуску грамадзян, якія пражываюць у памежных раёнах, па-за пунктамі пропуску праз мяжу на тэрыторыі Мерлінскага палігона ў месцах часовага пераходу на напрамках Дзяржынск (Беларусь) — Дроздынь (Украіна) і Дзяржынск (Беларусь) — Познань (Украіна).

Прынятае рашэнне датычылася ў першую чаргу грамадзян Украіны, паколькі лясы Столінскага раёна, дзе яны атрымалі магчымасць збіраць ягады і грыбы, аддалены ад найбліжэйшых беларускіх населеных пунктаў на некалькі кіламетраў і адрэзаны балотамі. Таму беларусы гаспадарчую дзейнасць у іх практычна не вядуць.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 10 снежня 2012
 
Дата публикации:10.12.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:1775
 
Ключевые слова:
Визовый режим Приграничное движение Беларусь-Украина
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме