"Я не зусім давяраю фота, на якім паказаны брат экс-прэзідэнта Кыргызстана", — цытуе Дзенісенку мясцовае інфармагенцтва 24kg.
Паводле слоў дыпламата, сапраўднасць фатаграфіі, выкладзенай у інтэрнэце, выклікае ў яго сумненні. "Я таксама бачыў фота ў СМІ, але я не зусім яму давяраю, таму што тут больш палітычнага складальніка. У любым выпадку, мы давядзем заклапочанасць Кыргызскай Рэспублікі да кіраўніцтва Беларусі", — заявіў Дзенісенка. Ён запэўніў, што кампетэнтныя органы Беларусі займаюцца гэтай справай, і неўзабаве будуць дадзены каментарыі.
"Тут больш палітыкі, чым доказаў. Адзначу: інфармацыя зыходзіць ад апазіцыйных сіл Беларусі, за яе тут жа хапаюцца СМІ, а ўдзельнікаў акцый выкарыстоўваюць пэўныя сілы. Дыпмісіі працуюць у многіх гарачых пунктах, і ў гэтай сувязі нядаўні інцыдэнт (маецца на ўвазе акцыя каля пасольства Беларусі ў Бішкеку, падчас якой былі разбіты шыбы ў будынку дыпмісіі. — БелаПАН.) — натуральная з`ява. Як і нельга гаварыць пра разрыў дыпадносін. Але за такія дзеянні ўсё ж павінен хтосьці адказваць", — падкрэсліў дыпламат.
Ён лічыць дзеянні мітынгоўцаў каля будынка пасольства правакацыяй і ўпэўнены, што "за гэтай акцыяй стаяць пэўныя сілы". "Гэтыя дзеянні былі правакацыяй. Усё рыхтавалася загадзя, і камяні былі прынесены ў жаночых сумках", — сказаў пасол. "Як толькі абвастраецца ўнутраная палітычная барацьба, адбываюцца падобныя падзеі. Факт павінен быць раскладзены на палітычную і прававую плоскасці", — заявіў Дзенісенка.
Разам з тым ён выказаў упэўненасць, што "камяні, якія ляцелі ў будынак пасольства Беларусі ў Кыргызстане, не стануць камянямі спатыкнення" ў адносінах дзвюх краін. "Пытанне міждзяржаўных адносін стаіць значна вышэй за інцыдэнт каля будынка дыпмісіі Беларусі", — лічыць пасол.
Дзенісенка таксама заўважыў, што дыпмісія не ўдзельнічае ў працэсе прыняцця палітычных рашэнняў, а толькі даводзіць да грамадскасці свой пункт гледжання. "21 жніўня мы давялі ноту да МЗС Рэспублікі Беларусь. У гэты ж дзень адбылася сустрэча з паслом Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Астатняе — ужо па-за кампетэнцыяй беларускага дыппрадстаўніцтва", — падкрэсліў ён.
Пры гэтым Віктар Дзенісенка дадаў: "Калі Жаныш Бакіеў спакойна перамяшчаецца па краінах, то, значыць, не ўсё нармальна ўнутры Кыргызскай Рэспублікі, якую, паводле інфармацыі ў СМІ, ён ужо неаднаразова наведваў".
Нагадаем, 24 жніўня Кыргызстан адклікаў з Беларусі свайго пасла. Нагодай для дыпламатычнага канфлікту сталі выкладзеныя ў інтэрнэт фатаграфіі брата экс-прэзідэнта Жаныбека Бакіева, які адшукваецца Інтэрполам. Ён быў фатаграфаваны каля ўваходу ў кафэ "Грунвальд" у цэнтры Мінска. Здымак зроблены актывістам апазіцыі Міхаілам Пашкевічам.
МЗС Кыргызстана ўручыла вербальную ноту паслу Беларусі ў Бішкеку, у якой выказала здзіўленне і заклапочанасць у сувязі з публікацыямі ў СМІ фатаграфій Жаныбека (Жаныша) Бакіева, былога кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы рэспублікі, што пацвярджаюць яго знаходжанне на тэрыторыі Беларусі.
Бішкек нагадаў Мінску аб тым, што Бакіеў знаходзіцца ў міжнародным вышуку, у тым ліку па лініі Інтэрпола, паводле абвінавачання ў асабліва цяжкіх злачынствах. Кіргізскі бок спадзяецца, што афіцыйны Мінск "усё ж прыме вычарпальныя меры па неадкладным затрыманні і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Кыргызскую Рэспубліку ў межах дзейных міжнародных дагавораў, удзельнікамі якіх з`яўляюцца як Кыргызстан, так і Беларусь", заявіў 27 жніўня ў Мінску прадстаўнік кіргізскага пасольства.
У красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўрада, што складаецца з лідараў апазіцыйных партый. Пры гэтым загінулі прыкладна 90 чалавек, амаль тысяча атрымалі раненні. Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў, яго брат Жаныбек і іншыя набліжаныя завочна абвінавачаны ў масавым забойстве і абвешчаны ў міжнародны вышук.
Курманбек Бакіеў з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Улады Кыргызстана неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева, але атрымлівалі адмову. Паводле меркавання беларускага боку, прававых падстаў для задавальнення просьбы аб выдачы Бакіева няма.
БелаПАН
Мінск, 30 жніўня 2012